Журналіста з Берасця зноў будуць судзіць за супрацу з „Радыё Рацыя”



На журналіста-фрылансера Яўгена Скрабца складзены чарговы адміністрацыйны пратакол па часцы другой артыкула 22.9 Адміністрацыйнага кодэкса за працу на замежны СМІ без акрэдытацыі. Дакумент быў сёння ўручаны журналісту ў Берасцейскім РАУС.

Распавядае Яўген Скрабец:

– Прэтэнзіі былі адносна матэрыялу, які з’явіўся на сайце “Беларускага Радыё Рацыя”  пра выставу ў Берасцейскім абласным краязнаўчым музеі, дзе выставілі арыгінальную фігуру шахматнага караля 13 стагоддзя, знойдзеную ў раскопе старажытнага Берасця. Сведкамі па гэтай справе выступаюць археолаг Аляксандр Башкоў і дырэктар музея Аляксей Міцюкоў, якія нібыта, са слоў міліцыянта, які намагаўся мяне апытаць, бачылі, што я  рабіў там здымкі і ў кагосьці з іх (у Башкова)  запісваў інтэрв’ю.

У той жа час на сайце “Радыё Рацыя” гэты матэрыял з’явіўся без пазначэння аўтара і без аніякіх інтэрв’ю, адзначае Яўген Скрабец:

– Наколькі мне вядома, на сайце  “Радыё Рацыя” з’явілася паведамленне без сінхронаў, там быў проста тэкст, які апісвае сітуацыю, без спасылак на людзей, на экспертаў і фотаздымкі, без пазначэння аўтарства. То бок, на падставе з’яўлення нейкіх фотаздымкаў і тэкста на сайце “Радыё Рацыя” ў адносінах да мяне склалі гэты пратакол.

Справу Яўгена Скрабца разгледзяць у судзе 29 сакавіка.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]