Журналістаў хочуць абавязаць абазначаць сябе на масавых акцыях



Каб журналістаў на акцыях было бачна. Дэпутаты прапануюць абавязаць журналістаў абазначаць сябе на масавых акцыях. Гэта прадугледжвае праект закона “Аб унясенні дапаўненняў і зменаў у некаторыя законы па пытаннях правядзення масавых мерапрыемстваў”, прыняты Палатай прадстаўнікоў у першым чытанні. Дэпутаты прапануюць дадаць у закон “Аб масавых мерапрыемствах” асобны пунк, дзе пазначана, што журналіст «павінна мець ясна бачны адметны знак прадстаўніка СМІ (нарукаўная павязка, бэйдж, камізэлька і іншае)”.

Гэтыя папраўкі ў нашым эфіры пракаментаваў прэсавы сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі. 

– Пэўныя насцярогі палягаюць на тым, што калі ты, да прыкладу, прыйшоў на акцыю без абазначэння, то міліцыя можа адразу пачаць трактаваць цябе як удзельніка гэтай масавай акцыі. З другога боку, гэта ўнясе сапраўды пэўную абарону. Падчас абмеркавання ў парламенце размова ішла пра тое, каб міліцыянты загадзя бачылі гэтых людзей, каб быў нейкі ясны знак.

На абмеркаванне дакумента ў Камісію па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ запрасілі прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў, у тым ліку і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці бліжэйшымі днямі разам збіраюцца накіраваць у парламент свае прапановы адносна законапраекта ў пісьмовым выглядзе.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота baj.by