Тамара Шчапёткіна атрымала чарговы пратакол



Журналістка-фрылансерка з Бярозы Тамара Шчапёткіна 18-га жніўня звычайным паштовым лістом атрымала з Баранавіцкага РАУС яшчэ адзін пратакол адміністрацыйнага правапарушэння – пяты па ліку, дасланы ўдагонку за першым. Новы пратакол складзены ўчастковым, лейтэнантам Віталём Раманюком у той жа дзень і час, што і першы пратакол, складзены капітанам Андрэем Вахітавым, але высланы на 2 дні пазней.

У новым пратаколе паведамляецца, што Шчапёткіна парушыла заканадаўства аб СМІ, а менавіта здзейсніла незаконны выраб і распаўсюд інтэрв’ю “Дом-музей Адама Міцкевіча ў Завоссі”, размешчаным на сайце Беларускага Радыё Рацыя, не маючы акрэдытацыі ў Рэспубліцы Беларусь у якасці журналіста. Адказнасць прадугледжана артыкулам 22.9, ч.2.

 Працэсуальная безграматнасць прывяла журналістку ў шок, кажа Тамара Шчапёткіна:

– У папярэджанні падпісаным начальнікам Баранавіцкага РАУС падпалкоўнікам Вільчкоўскім, было напісана, што калі я 17-га не з’яўлюся ў суд без прычыны, то мяне завязуць у суд прымусова. На гэтым здзіўленне не скончылася, здзівіў яшчэ моцна пратакол складзены лейтэнантам гэтага РАУС Віталём Раманюком. У Віталя Раманюка я ад усяго адмовілася: падпісацца пад правамі і абавязкамі я адмовілася, падпісаць пратакол я адмовілася, і копію пратакола ўзяць я адмовілася.

У пратаколе на гэты раз няма ні сведкаў, ні пацярпелых. Шчапёткіна ўжо не ведае, чаго ёй чакаць далей ад баранавіцкіх пінкертонаў. Паводле Шчапёткінай, міліцыянтам трэба займацца сваімі прамымі абавязкамі: змагацца з карупцыяй, парушальнікамі правапарадку, а не з журналістамі.

Беларускае Радыё Рацыя