Журналістка Глафіра Жук арыштаваная на 30 сутак



 Суд Маскоўскага раёна Менска арыштаваў на 30 сутак журналістку Глафіру Жук, якая супрацоўнічае з газетай „Народная Воля”, паведамляе валанцёрскі тэлеграм-канал „Спісы затрыманых”.

Жук судзілі на падставе ч. 3 арт. 24.23 КоАП (парушэнне ўсталяванага парадку правядзення масавага мерапрыемства, здзейсненае паўторна на працягу года).

Журналістку асудзілі ў дзень яе нараджэння — ёй споўнілася 20 гадоў.

Глафіру Жук затрымалі 29 траўня. „Перад затрыманнем яна паспела патэлефанаваць бацькам і паведаміць, што яе вязуць у Маскоўскае РУУС за тое, што 14-га чысла прыйшла падтрымаць студэнтаў у судзе”, — паведаміў тэлеграм-канал „Журфак без цэнзуры”.

Каля сталічнага Дома правасуддзя, дзе ў той дзень, 14 траўня, пачаўся судовы разбор па „справе студэнтаў”, была затрыманая журналістка tut.by Любоў Каспяровіч. Яе абвінавацілі ў несанкцыянаваным пікетаванні. 17 траўня суд Маскоўскага раёна арыштаваў журналістку на 15 сутак. 29 траўня Каспяровіч выйшла на волю.

belapan.by