Журналістка Таццяна Матвеева: Ты адчуваеш сваю еднасць з беларусамі, калі бяжыш марафон



Віцебская журналістка ўзяла ўдзел у анлайн-забегу, ініцыяваным Фондам спартовай салідарнасці і ініцыятывай Свабодныя спартоўцы. Ініцыятыва палягала ў тым, каб і прафесійныя спартоўцы, і аматары фізкультуры і спорту прабеглі сімвалічную дыстанцыю ў 2334 метры – на знак салідарнасці з ўсімі палітзняволенымі і пакаранымі па “народным” адміністрацыйным артыкуле 23.34.

Для Таццяны Матвеевай, якая стала займаецца спортам апошнія 15 гадоў, прапанаваная дыстанцыя была надта лёгкай, і яна вырашыла штодня, з 7-а па 26-га жніўня, прабягаць ад 3 да 12 кіламетраў:

– Кожны пэўны дзень быў прысвечаны пэўнай катэгорыі беларусаў: работнікам культуры, палітзняволеным, журналістам, лекарам, моладзі – студэнтам… Ты адчуваеш сваю еднасць з беларусамі, калі бяжыш, і нехта, можа, у той самы момант, бяжыць сваю дыстанцыю. І ўсе бягуць з адной думкай. Усе бягуць з адной думкай, і нас гэта яднае, і мы – разам.

На сваёй старонцы ў Фэйсбуку Таццяна Матвеева параўнала з выпрабавальным марафонам увесь мінулы год пасля 9-га жніўня. За гэты час яна страціла любіую працу: была вымушана звольніцца з разгромленага 18-га траўня партала Tut.by. Спорт стаў для яе падтрымкай у цяперашняй сітуацыі, і віцебская журналістка жадае ўсім знайсці ўласны спосаб для захавання душэўнага спакою: для кагосьці гэта бег або іншыя спартовыя заняткі, для кагосьці – творчасць або падарожжы. Але захаванне душэўнага спакою – гэта неабходнасць, каб лягчэй дачакацца пераменаў.

Беларускае Радыё Рацыя