Журналістка tut.by Калініна аштрафаваная на 80 базавых



Журналістка партала tut.by Надзея Калініна аштрафаваная на 80 базавых велічынь (2.320 рублёў).

Яе прызналі вінаватай паводле артыкулаў КоАП 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёю службовых паўнамоцтваў), паведамляе tut.by.

Калініну затрымалі 29 студзеня, калі яна спрабавала трапіць на з’езд дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу ў Мінскі гарадскі палац культуры. У пратаколах пазначана, што яна зладзіла пікет „за сумленныя выбары”. Журналістка адмаўляла гэта.

Пасля затрымання Калініна трое сутак правяла ў ізалятары часовага ўтрымання ў 1-м завулку Акрэсціна. Разгляд пратаколаў у судзе Ленінскага раёна Мінска пачаўся 1 лютага, пасля чаго быў зроблены перапынак для таго, каб суд змог атрымаць запісы з камер відэаназірання. Аднак адміністрацыя Палаца культуры заявіла, што запіс немагчыма падаць „у сувязі са збоямі сістэмы відэаназірання”.