Незалежная журналістка з Бярозы Тамара Шчапёткіна чакае позвы ў суд



28-га лістапада ў міліцыі склалі пратакол, у якім паставілі ей абвінавачанне ў супрацы з неакрэдытаваным ў Беларусі Беларускім Радыё Рацыя.

Падставай для абвінавачання было інтэрв’ю з загадчыкам бярозаўскай аптэкі, размешчанае на нашым сайце.

Тамара Шчапёткіна паведаміла, што перад тым, як трапіла ў кабінет намесніка начальніка аддзела аховы грамадскага парадку Бярозаўскага РАУС Мікалая Пракурата, яе вельмі старанна абшукалі.

– Падставай стала інтэрв’ю з загадчыкам аптэкі, які сказаў, што я ў яго называлася нібыта Галіна Васілевіч. Я кажу, што я так не называлася. Я сапраўды брала ў яго інтэрв’ю, але я называлася Тамара Шчапёткіна. Хто такая Галіна Васілевіч, я не ведаю. Сказалі, што цяпер ужо трэба чакаць позву ў суд.

Незалежная журналістка Тамара Шчапёткіна ў 2011 годзе атрымала папярэджанне за супрацу з Беларускім Радыё Рацыя.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Журналістку-фрылансера Тамару Шчапёткіну з горада Бяроза Берасцейскай вобласці выклікаюць у міліцыю. Па словах праваахоўнікаў, якія сёння ёй патэлефанавалі, ёй будзе ўручана позва ў суд. Як паведамілі па тэлефоне, што позва звязана нібыта з супрацай з беларускім Радыё Рацыя як з замежным сродкам масавай інфармацыі, які не мае акрэдытацыі пры Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

– Патэлефанаваў намеснік начальніка аховы грамадскага парадку і сказаў, што мне патрэбна сёння а 17-й гадзіне з’явіцца ў міліцыю па прычыне таго, што я працую на Радыё Рацыя. Я сказала, што сёння занятая, што яны позна мяне папярэдзілі, гэта раз, а па-другое, я ім сказала, што магу прыйсці заўтра. Прыйдзеце тады ў першай палове, мы дадзім вам тут позву на месцы. Калі я парушыла крымінальныя законы, якімі павінна займацца міліцыя, то лепей выклікайце мяне афіцыйна па позве, сказала я яму. На гэтым мы і дамовіліся.

Як лічыць Тамара Шчапёткіна, яе тэлефон пільна праслухоўваецца супрацоўнікамі Камітэта дзяржаўнай бяспекі. На яе думку КДБ і арганізавала пераслед. Апошнім часам журналістка заўважыла, што па яе слядах ходзяць людзі ў цывільным, якія запытваліся ў людзей: як яна прадстаўлялася і пра што пыталася ў суразмоўцаў у час інтэрв’ю. У 2011 годзе пракуратура Бярозаўскага раёна ўжо выносіла Тамары Шчапёткінай афіцыйнае папярэджанне за супрацу з замежным сродкам масавай інфармацыі без акрэдытацыі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]