Журналістку Ірыну Слаўнікаву прызналі палітзняволенай
Праваабаронцы прызналі журналістку Ірыну Слаўнікаву палітычнай зняволенай, паведамляе сайт „Вясна”.

Слаўнікаву разам з мужам Аляксандрам Лойкам затрымалі 30 кастрычніка ў менскім аэрапорце, калі яны вярталіся з адпачынку. 1 лістапада суддзя Першамайскага раёна Максім Трусевіч асудзіў іх на 15 сутак арышту — нібыта за захоўванне ў Фэйсбуку „экстрэмісцкіх” матэрыялаў.
4 лістапада стала вядома, што жаночая камера Слаўнікавай абвясціла групавую галадоўку, пратэстуючы супраць нечалавечых умоваў утрымання.
15 лістапада журналістку асудзілі яшчэ на 15 сутак — нібыта за „дробнае хуліганства”. А 26 лістапада стала вядома, што Слаўнікавай выставілі падазрэнні паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).
Яе мужа Аляксандра Лойку ўжо тройчы асуджалі на 15 сутак. Апошні раз прысуд быў вынесены 29 лістапада.
Праваабаронцы лічаць пераслед слаўнікавай „працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працягам наступу на свабоду слова”.
Яны патрабуюць неадкладна вызваліць Слаўнікаву і спыніць крымінальны пераслед яе, адмовіцца ад крымінальнага пераследу як інструменту ціску на свабоду выказвання меркавання ці іншыя правы і свабоды. Таксама праваабаронцы заклікаюць неадкладна спыніць рэпрэсіі ды вызваліць усіх палітычных зняволеных.
Цяпер у Беларусі налічваюцца 892 палітвязні.
