Журналістку Таццяну Смоткіну абвінавачваюць у парушэнні Закона “Аб СМІ” (абноўлена)
Журналіст-фрылансер Таццяна Смоткіна выйшла з будынка Глыбоцкага РАУС пасля прыкладна 35 хвілін размовы.
Стала вядома, што журналістку абвінавачваюць у парушэнні Закона “Аб СМІ” і незаконным вырабе прадукцыі. Справа тычыцца інтэрв’ю з фітнэс-трэнерам Аляксандрам Шарабайкам для Беларускага Радыё Рацыя. Кажа Таццяна Смоткіна:
– Я нават глядзела на гадзіннік, дзесьці 35-ць хвілін мяне апытвалі. Спачатку далі падпісаць пра мае правы, што я азнаёмленая. Пасля маёр міліцыі Сяргей Цыбан, які прыходзіў да мяне ўчора і прыносіў позву, ён жа мяне і апытваў па гэтай справе, складаў пратакол. Вінаваціць мяне ў тым, што я быццам бы незаконна зрабіла прадукцыю СМІ, чым парушыла Закон аб сродках масавай інфармацыі.
Прагучалі і ўскосныя намёкі на тое, каб журналістка разам з сынам пакінула Беларусь. Між іншым, у Таццяны папрасілі даць нумар тэлефона, яна сказала, што можа даць хатні. Адказ міліцыянта быў наступны – расказвае журналістка:
– Сына тэлефон дайце. Кажу, навошта? Я нават не памятаю яго, бо нядаўна зарэгістраваны быў. Ён кажа, „а калі вы з’едзеце і ніхто па хатняму не адкажа, вы ж сынам з’едзеце?” Такія ўскосныя намёкі адчуваліся. Наўпрост ніхто не скажа „з’язджай давай з краіны, ты нам надакучыла”. Усё робяць, каб з краіны з’ехалі апошнія незалежныя журналісты і праваабаронцы.
Нядаўна ў Таццяны Смоткінай прайшоў ператрус у межах крымінальнай справы аб нібыта “распальванні варажнечы”.
***
Журналістцы-фрылансеру з Глыбокага, якая супрацоўнічае з нашым радыё, міліцыянты ўручылі позву з’явіцца заўтра, 10 жніўня, у Глыбоцкі РАУС. Позву дамоў да журналісткі прынёс маёр міліцыі Сяргей Цырбан.
Як паведамляецца ў позве, Таццяне Смоткінай трэба з’явіцца ў Глыбоцкі РАУС 10 жніўня а 15.00 гадзіне. Па словах міліцыянта, на яе распачалі адміністрацыйную справу па артыкуле 23.5 КаАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ).
Паводле Таццяны Смоткінай, яна разумее, што пераслед працягваецца і гэта чарговы пасыл ёй, каб і яна з’ехала з краіны, як зрабілі гэта шматлікія яе калегі:
– Я цудоўна разумею, што зараз адбываецца, выцясняюць з краіны ўсіх нязгодных, у тым ліку і незалежных журналістаў. Такіх людзей ужо засталося ў Беларусі не так і шмат. Я таксама паставіла сабе мэту быць у краіне, як кажуць, да апошняга. Я не разумею, чаму павінны ўцякаць з краіны лепшыя людзі, тыя, хто прытрымліваецца праўды і справядлівасці. Няўжо наша Беларусь заслужыла гэтага, няўжо нашы родныя і продкі, як напрыклад, бацька майго мужа, які ваяваў у Другой сусветнай вайне за перамогу над фашыстамі і прыйшоў з вайны ў званні маёра, заслужылі таго, што іх нашчадкаў пераследуе падобны рэжым? Пытанне, канешне, рытарычнае.
Як кажа Таццяна Смоткіна, хутчэй за ўсё падставай для адміністрацыйнай справы стала інтэрв’ю для Радыё Рацыя з грамадскім актывістам Аляксандрам Шарабайкам. Яму таксама сёння, 9 жніўня, міліцыянты ўручылі позву з’явіцца да іх заўтра, але ў якасці сведкі.
Нагадаем, нядаўна, 22 ліпеня, у Таццяны Смоткінай быў ператрус у межах Крымінальнай справы аб распальванні варажнечы. Сілавікі забралі ў яе тэхніку, якую і да гэтай пары не аддалі.
Беларускае Радыё Рацыя
