Журналістцы Кацярыне Андрэевай пералічылі тэрмін зняволення
Журналістцы Кацярыне Андрэевай, якая знаходзіцца ў гомельскай калоніі, пералічылі тэрмін зняволення. Цяпер новай датай яго заканчэння стала 5 верасня 2022 года, у той час як раней гаворка ішла пра 20 лістапада наступнага года. Пра гэта паведаміў у Facebook яе муж, журналіст Ігар Ілляш.
Паводле яго слоў, пасля ўнясення паправак у заканадаўства суд пастанавіў пералічыць тэрмін пакарання з разліку 1 дзень знаходжання ў СІЗА (да ўступлення прысуду ў сілу) роўны 1,5 дням знаходжання ў калоніі.
«Атрымлівалася дзесьці мінус 2,5 месяца, але канкрэтную дату павінны былі зацвердзіць у ВК. Сёння я даведаўся, што Каці памянялі бірку на казённай сукенцы і цяпер там значыцца новая дата вызвалення – 5 га верасня (памянялі, зразумела, толькі дату – бірка засталася жоўтай, «экстрэмісцкай»). Атрымліваецца, што палову свайго двухгадовага тэрміну Каця ўжо адбыла, сядзець ёй засталося менш за год. І гэта ў любым выпадку. Я пры гэтым па-ранейшаму перакананы, што Каця выйдзе на волю раней восені 2022-га», – напісаў ён.
Журналісткі Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада пасля правядзення стрыма з акцыі пратэсту на „плошчы Пераменаў» і змешчаныя ў СІЗА. Іх абвінавацілі ў тым, што шляхам правядзення прамога эфіру яны нібыта арганізоўвалі дзеянні пратэстуючых (арт. 342 КК). Праз тры месяцы дзяўчатам вынеслі прысуд – па 2 гады пазбаўлення волі, хаця на судзе былі прадстаўлены вынікі лінгвістычнай экспертызы, якія сведчаць, што ў стрыме адсутнічалі якія-небудзь заклікі да дзеянняў. Журналісткі адбываюць пакаранне ў гомельскай папраўчай калоніі №4.
