Журналісты „Белсату” патрабавалі свабоду Івану Галунову



Вызваліць журналіста расейскага выдання “Медуза” Івана Галунова. Супрацоўнікі тэлеканалу „Белсат” выйшлі на пікет салідарнасці да амбасады Расеі ў Варшаве.

Удзельнікі акцыі перакананыя, справа аб збыцці наркотыкаў, заведзеная на Івана Галунова – палітычная замова. Гаворыць журналіст “Белсату” Якуб Бернат:

– Ён пісаў пра карупцыю ў Маскве, а ў Маскве вялізныя грошы. Хтосьці мог падкінуць яму наркотыкі.

У падтрыманне Івана Галунова выказаліся дзясяткі дзеячаў Расеі. Што адметна, не толькі тыя, хто мае выразную антыкрамлёўскую пазіцыю, але таксама і асобы, звязаныя з федэральнымі каналамі, як напрыклад, Ціна Кандэлакі ці Уладзімір Познэр. У Беларусі такога назіраць не выпадае, гаворыць рэдактарка сайту belsat.eu Вольга Ярохіна:

– Мы ведаем, як на „чэсных” і „нячэсных” падзялілася журналісцкая супольнасць па справе БелТА. Мы бачылі журналістаў дзяржаўных медыя, якія ў лепшым выпадку маўчалі, а ў горшым – пісалі вельмі брыдкія калонкі ў сваіх медыя.

У суботу пасля трох дзён у зняволенні Івана Галунова адпусцілі пад хатні арышт. Журналісту па-ранейшаму пагражае да 15 гадоў увязнення паводле артыкулу “збыццё наркотыкаў”. Паліцыя паведаміла, што яна знайшла забароненыя рэчывы ў здымнай кватэры Галунова, паказаўшы пры гэтым фота зусім з іншага месца. Сам журналіст свае віны не прызнае.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава