Журналісты Гародні звярнуліся ва УУС Ленінскага раёна



Больш за два дзясяткі журналістаў падпісаліся пад зваротам ва Упраўленне ўнутраных спраў адміністрацыі Ленінскага раёна горада ў абарону сваіх калег Алеся Дзянісава і Аляксея Кайрыса, якім пагражае крымінальны пераслед за сюжэт на тэлеканале “Белсат”. 

Аляксей Кайрыс лічыць гэтыя дзеянні праявай салідарнасці і вельмі ўдзячны сваім калегам:

– Хацеў бы падзякаваць сваім калегам за падтрымку, за салідарнасць. Калі трапляеш у такую сітуацыю, падобныя рэчы вельмі важныя. Гэта вельмі прыемна. Адчуваеш, што ты не адзін, і адчуваеш, што знаходзішся пад нейкай абаронай.

РР: Як зрэагавалі калегі, калі ў вас адбыліся гэтыя ператрусы?

– Частка калег адразу прыехала пад кватэру, да мяне і да майго калегі Алеся Дзянісава. Пачалі чакаць, калі мы выйдзем. Адразу пачалі выказваць словы салідарнасці. Адразу пачалі прапаноўваць дапамогу. Дзякуй ім вялікі ўсім.

У звароце, што падпісалі журналісты розных выданняў, гаворыцца, што “ціск на журналістаў мае адкрыты характар запалохвання і шантажу і супярэчыць нормам Канстытуцыі, нацыянальнага заканадаўства і міжнародным абавязкам Беларусі ў галіне забеспячэння свабоды распаўсюду інфармацыі”.

Беларускае Радыё Рацыя