Журналісты першыя ў спісах ворагаў рэжыму



Адным з галоўных дасягненняў 2020 года для незалежнай журналістыкі стала вяртанне даверу грамадства да СМІ – кажа журналістка Зарына, сапраўднае прозвішча якой мы не называем з меркаванняў бяспекі.

Сама яна ў 2021 годзе была вымушана пакінуць Беларусь пад пагрозай пераследу, і цяпер жыве і працуе ў Беластоку. Зарына кажа, што і за мяжой незалежныя СМІ не згубілі кантакт са сваімі чытачамі і гледачамі:

-Гэта, падаецца, выратоўвае шмат якія СМІ сёння, што людзі давяраюць, людзі спадзяюцца, што тыя лепшыя часы, тыя часы, якія мы перажылі ў жніўні, магчыма, вернуцца. Адчуванне салідарнасці, запатрабаванасці. Людзі дзеляцца інфармацыяй. Я б назвала адным са здабыткаў жніўня 2020 года тое, што людзі вярнулі давер да СМІ, працягваюць быць так званымі нефармальнымі карэспандэнтамі для многіх СМІ.

Калі ў 2020 годзе пачалася вялікая хваля рэпрэсій, то журналісты апынуліся сярод першых, хто трапіў пад пераслед – працягвае Зарына:

-Сёння за кратамі можа апынуцца любы чалавек, які мае проста сваю пазіцыю. Які гэтую пазіцыю нейкім чынам акрэслівае. Журналісты – гэта першыя, хто ў спісах ворагаў рэжыму.

Паводле Беларускай Асацыяцыі Журналістаў, за кратамі цяпер знаходзяцца 28 прадстаўнікоў беларускіх незалежных медыя. На жаль, гэты спіс не скарачаецца, а наадварот расце.

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: spring96.org

[manual_related_posts]