Жыхар Астраўца абвінавачваецца ў злачынствах супраць інфармацыйнай бяспекі



23-гадовы жыхар Астраўца абвінавачваецца ва ўчыненні шэрагу злачынстваў супраць інфармацыйнай бяспекі, паведамляе сайт Следчага камітэта.

Устаноўлена, што, знаходзячыся 14 красавіка ў экскурсійнай паездцы па Гомельскай вобласці, ён знайшоў у вадаёме і прысвоіў мабільны тэлефон, згублены ў той жа дзень 23-гадовым жыхаром Гомеля, пасля чаго „скарыстаўся ім у асабістых карыслівых мэтах”. 15 красавіка праз мабільны дадатак, які меўся ў знойдзеным тэлефоне, і рэквізіты доступу (лагін і пароль), якія захаваліся, ён змяніў асабістую канфідэнцыйную інфармацыю ўладальніка тэлефона ў яго профілі ў сацыяльнай сетцы. Акрамя таго, зрабіў замену першапачатковага пароля, тым самым заблакаваўшы пацярпеламу акаўнт на інтэрнэт-рэсурсе і зрабіўшы немагчымым яго наступнае выкарыстанне.

Пасля гэтага з акаўнта пацярпелага і за кошт грашовых сродкаў, якія былі ў чужым электронным кашальку, абвінавачваны „набыў за 18 долараў ЗША электронны інструментарый да каманднай камп’ютарнай гульні жанру стратэгіі ў рэальным часе і прысвоіў яго”.

Абвінавачванаму інкрымінавана ўчыненне трох злачынстваў — мадыфікацыя камп’ютарнай інфармацыі (ч. 1 арт. 350 Крымінальнага кодэкса), наўмыснае блакаванне камп’ютарнай інфармацыі (ч. 1 арт. 351 КК) і несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі, зроблены з карыслівай і іншай асабістай зацікаўленасці (ч. 2 арт. 349 КК). Абраная мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах.

Акрамя таго, перад органамі ўнутраных спраў следчыя ініцыявалі пытанне прыцягнення абвінавачванага да адміністрацыйнай адказнасці па факце прысваення знойдзенай заведама чужой маёмасці (арт. 10.6 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях).

Нанесеную пацярпеламу матэрыяльную шкоду абвінавачваны кампенсаваў добраахвотна ў поўным аб’ёме.

Крымінальная справа перададзена пракурору для накіравання ў суд.   Таццяна Каравянкова, БелаПАН