Два гады абмежавання волі за абразу старшыні Гомельскага аблвыканкама



26 і 27 ліпеня суд Цэнтральнага раёна Гомеля разглядаў крымінальную справу ў дачыненні да 49-гадовага Юрыя Вершука, якога абвінавацілі ў публічнай абразе прадстаўніка ўлады (артыкул 369 Крымінальнага кодэкса).

 

Гаворка ішла пра каментар, які гамяльчук пакінуў пад ролікам на Youtube. Відэазапіс быў прысвечаны сустрэчы 16 жніўня 2020 года старшыні аблвыканкама Генадзя Салаўя з жыхарамі Гомеля. Негатыўны каментар следства і суд палічылі абразай прадстаўніка ўлады. У каментары былі два словы: „Салавей — у…д”.

Пацярпелы ў суд не з’явіўся „ў сувязі з службовай занятасцю”.

Прадстаўнік пракуратуры Дзяніс Самафалаў запытаў для абвінавачанага два гады „хіміі” — абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

На судзе Вяршук прызнаў віну цалкам. Ён растлумачыў, што ў ліпені 2020 года ў яго памерла маці, потым былі праблемы на працы, і з-за гэтага ён быў падаўлены, зайшоў на Youtube, „каб неяк адцягнуцца і супакоіцца”.

Гамяльчук заявіў, што на выбарах галасаваў за Аляксандра Лукашэнку і палітыкай не цікавіцца. „Я ролік з Салаўём паглядзеў не да канца — была дрэнная сувязь, ды і нецікава было, пачытаў водгукі, нават не ведаю, што мяне прымусіла напісаць каментар. Больш такога не паўторыцца ў жыцці”, — сказаў у судзе Вяршук.

Ён паведаміў, што накіраваў Салаўю замоўлены ліст з выбачэннямі і просьбай аб прабачэнні.

„Я сам чалавек добры, мяккі, зла нікому не жадаю. Сам не разумею, як гэта здарылася. Мне сорамна і перад Генадзем Міхайлавічам, і перад вамі, высокі суд. Я сам у такім шоку!” — заявіў абвінавачаны.

Раней за абразу Салаўя, таксама за каментар пад гэтым ролікам, атрымаў тры гады „хіміі” музыкант Уладзіслаў Наважылаў.

belapan.by