Жыхар Круглага: Райвыканкам мы называем „камендатурай”



Жыхар Круглага Магілёўскай вобласці Аляксандр Г. (прасіў не называць яго прозвішча) нядаўна пайшоў на пенсію. Жыве ў двухпакаёвай кватэры. Пенсія невялікая, бо працаваў на ніве гарадской культуры, дзе заробкі мізэрныя.

Сын нідзе не працуе, бо ў Круглым працу знайсці немагчыма. Жыве з бацькам на адну невялікую пенсію. На пытанне, як сёння выжывае Кругляншчына, уздыхнуў з цяжкасцю:

– Лепш не пытайцеся. За свае пражытыя 64 гадоў я такога жыцця не бачыў. Становішча жахлівае. Палова жыхароў Круглага – пенсіянеры. Усе сядзяць па хатах і кватэрах. Нікога нідзе няма. Толькі ў краму збегаюць па харчы ці віно, і з дамоў не вылазяць. Усе сумныя людзі, невясёлыя сталі. Ніхто нікога не шкадуе, гараджане замкнёныя ў сабе. Працы ў Круглянскім раёне няма. Таму людзі маладзейшага ўзросту, хто працуе, сядзяць, як мышы пад мятлою, баючыся, каб не выгналі з працы. Таму выконваюць усё, што скажуць мясцовыя вертыкальшчыкі. Сам райвыканкам я і тутэйшы люд называем „камендатурай”. Мітынгаў у нас не відаць, бо няма лідараў. Хіба ў Менск ездзяць на мітынгі – не ведаю. Ды і няма у Круглым з кім мітынгаваць. Можа вясною прачнемся, як зусім невыносна стане.

Па тэлевізары гляжу толькі „Еўраньюс”. Газет і часопісаў я не выпісваю, як раней бывала. Грошай хапае ледзь-ледзь на камунальныя паслугі і харчаванне. І “раёнку” не выпісваю, бо дарагая – 7 рублёў на месяц. Але і там няма чаго чытаць. Толькі адна хвальба чыноўнікаў і фотаздымкі з пацісканнем рук. Бывала ў “раёнцы” надрукуюць гумар, ці жыццёвае апавяданне, ці гутарку з цікавым чалавекам, нейкі верш тутэйшага паэта – цяпер гэтага і блізка не знойдзеш. Адным словам, Круглае сёння – як бязлюдны востраў з камендатурай…

 Альжбета Руніцкая, Беларускае Радыё Рацыя