Жыхар Мазыра прыгавораны да 20 гадоў за забойства



Судовая калегія па крымінальных справах Гомельскага абласнога суда на пасяджэнні ў Мазыры вынесла прысуд мясцоваму жыхару, які прызнаны вінаватым у забойстве, а таксама ў замаху на забойства.

Як паведамляе прэс-служба Гомельскага абласнога суда, яму прызначана пакаранне ў выглядзе 20 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Таксама да яго ўжытыя прымусовыя меры бяспекі і лячэння ад хранічнага алкагалізму па месцы адбыцця пакарання.

З абвінавачванага на карысць пацярпелай (маці загінулага) спагнана для пакрыцця маральнай шкоды грашовая кампенсацыя ў 40 тыс. рублёў, матэрыяльная шкода — 785 рублёў.

Прысуд пакуль законную моц не набыў, паколькі знаходзіцца ў стадыі апеляцыйнага абскарджання і апратэставання.

Забойства адбылося ў вёсцы Вялікі Бокаў Мазырскага раёна ў маі гэтага года. Да кампаніі мазыран, якія прыехалі адпачываць на дачу, далучыўся незнаёмы мужчына. У ходзе сумеснага распівання спіртных напояў у іх пачаўся канфлікт. Мужчына пайшоў, а затым вярнуўся з нажом. Ён ударыў аднаго са сваіх новых знаёмых нажом у жывот. Яго брат паспрабаваў абараніць сваяка, і быў паранены. У выніку нападу адзін з братоў памёр, другі выжыў.

belapan.com