Жыхар Шаркоўшчыны: Нам адведзена роля масоўкі
Набліжаюцца выбары прэзідэнта Беларусі. Які настрой у людзей, ці пойдуць яны на выбары, ці слухалі выступы кандыдатаў і за каго збіраюцца аддаць свае галасы? Пра гэта мы запыталіся ў грамадска-актыўных жыхароў аднаго з бяднейшых раёнаў Беларусі – Шаркоўшчынскага.
Выказваюцца жыхары раёна:
– Не пайду. У мяне шмат крыўды на Лукашэнку. Ён, вясковы чалавек, чаму ён губіць нашую вёску, чаму ён не любіць вяскоўцаў?! Я з сям’і фермераў . Мы апошнія грошы аддалі на тое, каб вырасціць хлеб, а цяпер гэты хлеб гніе, ён нікому не патрэбны. Частку зерня здалі, а грошы аддаць не абяцаюць. Кажуць, што фірма прагарэла. Аляксандар Рыгоравіч, навошта вы ідзяце на выбары? Каб працягнуць нашыя пакуты?
– З усіх выступаў кандыдатаў у прэзідэнты спадабалася выступленне Таццяны Караткевіч. Вельмі разумнае. За яе і буду галасаваць.
– Не пайду, бо няма сапраўдных выбараў.
– Уся трагедыя Беларусі, што даўно ўсё вырашана за нас. Не сумняваюся, што ў выбарчыя камісіі пушчаныя лічбы, колькі павінны прагаласаваць за Лукашэнку. Нам угатавана роля масоўкі і статыстаў. Таму кожны сумленны чалавек мусіць ігнараваць гэтыя выбары.
Па словах мясцовых жыхароў, на змену становішча ў краіне ў лепшы бок спадзяванняў у іх няма.
Таццяна Смоткина, Беларускае Радыё Рацыя
Фота freeregion.info