Жыхар Слоніма на стадыёне не ўстаў падчас выканання гімна. Яго аштрафавалі



Жыхар Слоніма на гарадскім стадыёне падчас выканання дзяржаўнага гімна Беларусі перад пачаткам футбольнага матча не ўстаў са свайго месца. Міліцыянты палічылі, што тым самым ён учыніў адміністрацыйнае правапарушэнне, прадугледжанае арт.24.54 КаАП Рэспублікі Беларусь.

У судовым паседжанні мужчына пацвердзіў, што, знаходзячыся на стадыёне, перад пачаткам футбольнага матча захапіўся праглядам відэа на сваім мабільным тэлефоне і своечасова не выканаў патрабаванні па выкананні дзяржаўнага гімна. Устаў са свайго месца прыкладна праз 15 секунд пасля пачатку выканання гімна і даслухаў яго ўжо стоячы.

Суддзя пастанавіў на падставе арт. 24.54 КаАП (незаконныя дзеянні ў адносінах да дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь) падвергнуць мужчыну адміністрацыйнаму спагнанню ў выглядзе штрафу ў памеры 10 базавых велічыняў (на суму 290 рублёў).

gs.by