Жыхар Жодзіна прыгавораны да пяці з паловай гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму
Жыхар Жодзіна 1989 года нараджэння асуджаны на пяць з паловай гадоў пазбаўлення волі за спробу падпалу дзвярэй у будынку мясцовай пракуратуры. Як паведамляецца на сайце Вярхоўнага суда, такое рашэнне 7 красавіка прыняў суд Барысаўскага раёна.
Мужчына прызнаны вінаватым ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 295-3 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, паражальнае дзеянне якіх грунтуецца на выкарыстанні гаручых рэчываў) і ч. 3 арт. 339 (хуліганства) Крымінальнага кодэкса.
„Абвінавачаны К., знаходзячыся па месцы жыхарства ў Жодзіне Менскай вобласці, незаконна вырабіў самаробную запальную прыладу, паражальнае дзеянне якой грунтуецца на выкарыстанні гаручых рэчываў, і незаконна захоўваў, перавозіў на легкавым аўтамабілі, — гаворыцца ў паведамленні. — Ён жа 8 кастрычніка 2020 года прыблізна ў 03.10, знаходзячыся ў грамадскім месцы — на ганку будынка пракуратуры горада Жодзіна, наўмысна з хуліганскіх меркаванняў, дэманструючы сваё грэбаванне агульнапрынятымі нормамі паводзін, а таксама дзейнасцю праваахоўных органаў, з выкарыстаннем прадметаў, паражальнае дзеянне якіх грунтуецца на выкарыстанні гаручых рэчываў, шляхам падпалу фрагмента тканіны запальніцай прывёў у дзеянне прынесеную з сабой самаробную запальную прыладу, у выніку чаго адбылася разгерметызацыя ёмістасці, што суправаджалася гукавым воплескам і разлётам падпаленай сумесі нафтапрадуктаў, фрагментаў прамочанай імі тканіны, частак ад бутэлькі на вонкавыя паверхні будаўнічых канструкцый і апрацоўчых матэрыялаў будынка пракуратуры горада Жодзіна, а таксама на прылеглую тэрыторыю, якія прывялі да пашкоджання ўваходных дзвярэй і даху брыля, усталяванага над уваходам у будынак, і прычынілі сваімі дзеяннямі пракуратуры Мінскай вобласці матэрыяльную шкоду на агульную суму 1.573,63 рубля”.
У кастрычніку 2020 года ў паведамленні Следчага камітэта аб распачынанні крымінальнай справы па факце падпалу дзвярэй адзначалася: „Прыбыўшы на месца здарэння, супрацоўнікі пажарнай службы ліквідавалі ўзгаранне на плошчы 0,1 кв. метра”.
Суд прызнаў мужчыну вінаватым у „незаконных вырабе, захоўванні, перавозцы і нашэнні прадметаў, паражальнае дзеянне якіх грунтуецца на выкарыстанні гаручых рэчываў”, і на падставе ч. 1 арт. 295-3 КК прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на год.
Акрамя таго, ён прызнаны вінаватым у „наўмысных дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць відавочную непавагу да грамадства, суправаджаюцца пашкоджаннем чужой маёмасці, учыненыя з выкарыстаннем прадметаў, паражальнае дзеянне якіх грунтуецца на выкарыстанні гаручых рэчываў, пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства (асабліва злоснае хуліганства)”. Згодна з арт. 339 КК яму прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на пяць гадоў.
„Адпаведна ч. 2 арт. 72 КК па сукупнасці злачынстваў шляхам частковага складання пакаранняў канчаткова прызначанае абвінавачанаму К. пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін пяць гадоў шэсць месяцаў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, — гаворыцца ў паведамленні. — Судом вырашана спагнаць з абвінавачанага К. на карысць пракуратуры Мінскай вобласці ў кошт пакрыцця матэрыяльнай шкоды 1.300 рублёў і дзяржпошліну ў даход дзяржавы ў суме 65 рублёў. Прысуд у частцы спагнання з абвінавачанага К. 1.300 рублёў вырашана лічыць выкананым”.
Прысуд у законную сілу не ўвайшоў і можа быць абскарджаны.
