Жыхара Віцебска будуць судзіць за абразу суддзі ў сацсетках



У Віцебску завершанае следства па справе мясцовага жыхара, які абвінавачваецца ў абразе суддзі ў сацыяльнай сетцы.

Як паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Віцебскай вобласці Святлана Сахарава, вечарам 18 лістапада 2016 года 29-гадовы мужчына, выкарыстоўваючы свой рахунак ў сацыяльнай сетцы, размясціў на сайце ў адной з тэматычных адкрытых груп, прысвечаных Віцебску, тэкставы каментар, які па сваім змесце ўтрымліваў „лінгвістычныя прыкметы абразы суддзі”.

„Падазроны дзейнічаў наўмысна, з мэтай публічнай абразы суддзі горада Віцебска, выключна ў сувязі з ажыццяўленнем ім правасуддзя — у сувязі з разглядам канкрэтнай крымінальнай справы. Каментар быў даступны для публічнага прагляду неабмежаванаму колу інтэрнэт-карыстальнікаў”, — адзначыла Сахарава.

Паводле яе слоў, следчымі атрыманыя доказы супрацьпраўнай дзейнасці жыхара абласнога цэнтра, у тым ліку да матэрыялаў крымінальнай справы далучаныя заключэнні лінгвістычнай экспертызы і амбулаторнай судова-псіхіятрычнай экспертызы.

Следчыя выставілі абвінавачанне мужчыне па арт. 391 КК (абраза суддзі ў сувязі з ажыццяўленнем ім правасуддзя). Віну ва ўчыненні злачынства абвінавачаны прызнаў цалкам. Свае дзеянні ён патлумачыў тым, што суддзя раней двойчы разглядаў у дачыненні да яго справы аб адміністрацыйных правапарушэннях і, на яго думку, вынес суровае пакаранне. Да абвінавачанага прымененая мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах.

Матэрыялы крымінальнай справы перададзеныя пракурору для накіравання ў суд.