Жыхарка Баранавічаў 20 гадоў таму закапала народжанае дзіця



У Баранавічах выяўленыя парэшткі нованароджанага дзіцяці.

Як паведамляе УУС Берасцейскага аблвыканкама, 16 красавіка ў другой гадзіне ночы ў аператыўна-дзяжурную службу Баранавіцкага ГАУС патэлефанаваў 35-гадовы мясцовы жыхар. Мужчына расказаў, што падчас размовы з сястрой даведаўся, што ў двары дома, дзе ён пражывае, шмат гадоў таму іх сваячка, жыхарка Баранавічаў 1967 года нараджэння, закапала нованароджанае дзіця.

Следча-аператыўная група ў паказаным мужчынам месцы выявіла закапаныя касцяныя парэшткі немаўляці, загорнутыя ў поліэтыленавы пакет.

Падчас правядзення аператыўных мерапрыемстваў супрацоўнікі крымінальнага вышуку Баранавіцкага ГАУС ўстанавілі маці дзіцяці. Яна расказала, што больш за 20 гадоў таму ў прысутнасці знаёмай нарадзіла дзіця, а затым закапала яго на зямельным участку сваякоў.

Па гэтым факце праводзіцца праверка. Прызначаныя судова-медыцынскія экспертызы.

belapan.by