Жыхарка Берасця: Ідзе павольны “аджым” майго ўчастку ў 5 сотак



Жыхарка Берасця Ірына Смірнова, якая  жыве ў палове двухкватэрнага дома ў цэнтры горада, лічыць, што ідзе павольны “аджым” яе ўчастка ў 5 сотак. Дагледжаны шыкоўны ўчастак з гароднінай і  буйствам кветак прыглянуўся аднаму высокаму мясцоваму чыноўніку.

Наступ пачаўся з патрабавання гарсавета перавесці зямлю з пажыццёвага карыстання ў арэнду. Дапамагаў уладам яе сусед, супрацоўнік на той час зямельнаўпарадкавальнай службы. Суды сталі на бок гарсавета. Але да гэтага часу Смірнова не прызнала рашэнні судоў з падложнымі дакументамі і працягвае плаціць зямельны падатак як за сваю зямлю, кажа Ірына Смірнова:

– Дамова арэнды павінна быць падпісаная бакамі. Ёсць такая пастанова Савета Міністраў. Калі не падпісана, то гэта ўжо не дамова, а злачынная змова. Мяне прымушалі да заключэння дамовы арэнды, то бок мяне прымушалі адмовіцца ад сваёй уласнасці.

Паводле Ірыны Смірновай, усяго не перакажаш, што прыходзілася і прыходзіцца цярпець да сённяшняга дня. У мінулым годзе адключылі калонку і кацёл. Цэлую зіму жанчына жыла без ацяплення:

– Было вельмі страшна і халодна. Адна справа адключыць, а іншая справа, як падключыць. Яны незаконна падключылі да маёй газавай сістэмы суседа. І цяпер мне дырэктар Брестгаза заявіў: Смірнова, а цяпер мы вас падключым толькі са згоды суседа Кузуба.

Галоўны інжынер Брэстгаза на запыт карэспандэнта Беларускага Радыё Рацыя, чаму Смірнова павінна прасіць у Кузуба дазволу на ўстаноўку катла, сказаў, што паставяць без дазволу ў любы час. Але Ірына Смірнова не верыць. Тым часам яе сусед без дазволу пранікае на ўчастак Смірновай і пачынае рабіць нейкія свае работы. Міліцыя яго падтрымала.

Цалкам матэрыял:

Беларускае Радыё Рацыя