Жыхарка Чэрыкава дамаглася адмены „падатку на дармаедства”



У 2015 годзе Ала Пятрова з Чэрыкава перажыла анкалагічную аперацыю, два месяцы правяла на бальнічным, а потым доўга аднаўлялася ад хваробы. Увесь гэты час Ала Міхайлаўна не працавала і ў выніку, у дадатак да ўсіх няшчасцяў, атрымала «ліст шчасця» ад падатковай інспекцыі.

„У мяне бесперапынны працоўны стаж 35 гадоў. Чаму ў нашай краіне я лічуся дармаедам, а не прыкладам для дармаедаў? Я ім кажу: давайце сацыяльнае апытанне зробім. Выйдзем у горад Чэрыкаў, вось сюды, на плошчу, і спытаем: дармаед я ці не? Няхай людзі вырашаць, калі нашы камісіі не могуць! Чаму ў Дэкрэце №3 не прадугледжана норма вызвалення такіх грамадзян ад прымусу да працы, каб не ставіць іх у адзін шэраг з дармаедамі? ” – распавяла Ала Пятрова „Еўрарадыё”.

Ала Міхайлаўна звярнулася ў Чэрыкаўскі райвыканкам з просьбай вызваліць яе ад «падатку на дармаедства». Але чыноўнікі не знайшлі яе становішча цяжкім.

Абураная жанчына напісала скаргу ў Магілёўскі аблвыканкам. Там адказалі што „дэпутатам” „дадзена права, а не абавязак” вызваляць ад збору „на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў”. „З боку Чэрыкаўскага райвыканкама парушэнняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб адмове даць вам палёгку не дапушчана”, – чытае жанчына з паперы за подпісам першага намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Алега Чыкіды.

Але праз пару дзён Алу Пятрову нечакана выклікалі ў райвыканкам. „Мне патэлефанавалі і ветліва прапанавалі напісаць другую заяву на „савет дэпутатаў „. Я адразу кажу, што ніякіх больш даведак, ніякіх выпісак збіраць не буду – рабіце афіцыйныя запыты самі. І што вы думаеце? Не спатрэбіліся даведкі!” – цешыцца жанчына.

Атрымліваецца, пакуль у галіне разглядалі скаргу Алы Міхайлаўны на мясцовых чыноўнікаў і шукалі аргументы для абгрунтавання іх слушнасці, тыя зразумелі, што далі маху, і змянілі пазіцыю. Але аблвыканкам па інэрцыі ніякіх парушэнняў у іх першым рашэнні не знайшоў.

Фота kp.by