Жыхару Гомеля пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі за сапсаваны партрэт Лукашэнкі
Гомельскі абласны суд 27 ліпеня пачаў разгляд спраў у дачыненні да 25-гадовага жыхара Гомеля Артура Рыбіна на падставе двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса — ч. 1 арт. 339 (хуліганства) і ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай непрыязнасці або варожасці). Суддзя — Галіна Святко, абвінаваўца — Жанна Дударава.
Згодна з абвінавачаннем, Рыбін у лістападзе 2020 года выразаў з кнігі партрэт Аляксандра Лукашэнкі, прыляпіў на яго лоб дзяржаўны герб, намаляваў чырвоныя палоскі ля рота і размясціў надпіс „Гары ў пекле”. Гэтую выяву ён размясціў на канструкцыі ў форме крыжа і паставіў на пустцы каля водазабору. Затым сфатаграфаваў інсталяцыю і размясціў здымак у адным з тэлеграм-чатаў.
На думку абвінавачвання, гэта было зроблена „з выключным цынізмам, выкарыстоўваючы напружаную сітуацыю ў грамадстве ў перыяд лета—восені 2020 года, з мэтай дэстабілізацыі становішча, дэзарганізацыі працы праваахоўных органаў”.
Акрамя таго, абвінавачаны размясціў у чаце „Гомель 97” каментары, якія следства трактавала як распальванне варожасці. Гаворка ідзе, у прыватнасці, аб словах: „Мірным шляхам нічога не дасягнуць. Нас б’юць — трэба даваць адказ”.
„Распальваў варожасць да групы, аб’яднанай па прафесійнай прыкмеце „супрацоўнікі праваахоўных органаў”. Напісаў выказванні пабуджальнага характару, якія заклікаюць да гвалту ў дачыненні да групы „супрацоўнікі праваахоўных органаў” з боку групы „маладыя людзі Беларусі”, — заявіла на судзе прадстаўніца абвінавачвання.
Рыбін растлумачыў, што негатыўна ставіцца да Лукашэнкі. „Чырвоныя лініі ля рота я намаляваў як кроў, таму што вы самі ведаеце, што тады (восенню 2020 года. — БелаПАН.) адбывалася”, — заявіў жыхар Гомеля.
Паводле слоў падсуднага, ён не заклікаў да гвалту над міліцыяй і не пісаў такога ў каментарах.
Суд працягнецца 28 ліпеня.
Максімальнае пакаранне, прадугледжанае арт. 130 КК, — пяць гадоў пазбаўлення волі, арт. 339 — тры гады.
