Жыхары аграгарадка Язна просяць дапамогі ў Лукашэнкі



З адкрытым лістом да Аляксандра Лукашэнкі ў год малой радзімы звяртаюцца жыхары аграгарадка Язна Мёрскага раёна. Яны прайшлі са сваімі калектыўнымі зваротамі ўсе інстанцыі, пачынаючы ад сельскага савета да дэпутата Палаты прадстаўнікоў. Пісалі і кіраўніку дзяржавы, але, як кажуць, відаць, іх ліст да яго не дайшоў, таму яны і вырашылі звярнуцца да яго праз СМІ.

У жыхароў аграгарадка паўстала шмат розных праблемаў, але галоўная – закрыццё ашчаднай касы, якая абслугоўвае амаль паўтары тысячы чалавек.

Паводле людзей, у сваіх выступах кіраўнік дзяржавы кажа пра тое, што трэба зрабіць прыдатныя ўмовы для жыцця людзей у кожнай вёсцы, а атрымоўваецца, што робіцца ўсё наадварот.

– Не можам вырашыць праблемы. Пачалі закрываць усё бытавое абслугоўванне. Закрылі КБО, бо нерэнтабельны. Была сталовая, закрылі – нерэнтабельная. Была ў нас крама. Таксама нерэнтабельная. Усё пазакрывалі. Пасля вырашылі аптэку закрыць. Аптэку абаранілі. Зараз ужо ашчадная каса нерэнтабельная.

– Адказ прыйшоў. І адзін сказ гаворыць пра ўсё: “Беларусбанк” лічыць гэта немэтазгодным. І да канца года аддзяленне “Беларусбанка” ў нашым аграгарадку будзе закрыта.

– Мы не задаволеныя работай нашай мясцовай улады. Хочам звярнуцца праз СМІ  да прэзідэнта, каб ён звярнуў на нас увагу. Трэба ўладам адносіцца да людзей больш паважліва.

РР: Мы чулі, што тым, хто падпісваўся, пагражалі, казалі, каб  “закрылі рот”. Ці было такое?

– Так, было. Выклікалі раённыя ўлады. Казалі, што пазвальняюць з працы. Мне асабіста няма чаго баяцца. Я гавару праўду ад імя ўсіх, хто падпісаўся.

Як кажуць людзі, з-за зваротаў выклікалі ў Мёрскі выканкам і старшыню Язненскага сельсавета. Там ёй параілі, паводле людзей, “закрыць рот” тым, хто скардзіцца.

Па словах жа старшыні сельскага савета Валянціны Фядзьковіч, яна таксама за тое, каб пакінулі ашчадную касу. Але  кажа, што не яна вырашае гэтае пытанне, а вышэйшыя ўлады. А яны спасылаюцца на нерэнтабельнасць працы ашчаднай касы.

– Я лічу, што магчымасць ёсць у кожнага, калі бабулька сама не можа аплаціць штосьці ці зняць грошы, ёсць дзеці. Ёсць абслуга, калі чалавек адзінокі. Канешне, хацелася б, каб і ў вёсцы ўсё было. Але ж вы разумееце, што мы ўсё роўна не будзем жыць так, як у Менску.

У той дзень, калі людзі размаўлялі з журналістамі, да іх наведалася і міліцыя.  Пыталіся пра журналістаў, пра тое, што людзі распавядалі ім.  І хоць язненцы самі запрасілі журналістаў у ашчадную касу, каб выказаць набалелае, міліцыянты казалі людзям пра тое,  быццам бы журналісты заміналі працы ашчаднай касы. У сваю чаргу журналісты запэўніваюць, што размаўлялі толькі з людзьмі,  не падыходзячы да работніка ашчаднай касы.

Старшыня ж сельсавета ў той вечар, па словах людзей,  запрашала некаторых язненцаў на так званую “размову”. Паводле іх, яны “ў шоку” ад такой рэакцыі ўладаў.

[Not a valid template]

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя