Жыхары Баранавіч хочуць парыцца ў лазні і ў пятніцу, і ў суботу



Жыхары Баранавіч запатрабавалі ад гарадскога выканаўчага камітэта стварыць магчымасць папарыцца ў гарадской лазні на вуліцы Міцкевіча не толькі ў суботу, але і ў пятніцу. Таму што праца парылкі ў адзін дзень стварае вялікія чэргі і дастаўляе  гараджанам шмат нязручнасцяў, кажа арганізатар звароту Мікалай Чарнавус (старэйшы):

– У пятніцу ў гарадской лазні па вуліцы Міцкевіча не працуе парылка. І таму ў суботу чарга, як да масажыста. Людзі кажуць, што калі не навядуць парадак у гарадской лазні, яны перакрыюць лазні прадпрыемстваў, дзе любяць мыцца чыноўнікі.

Паводле Чарнавуса, 86 подпісаў пад зваротам ён назбіраў за гадзіну. Актывіста здзівіла, што яго ўжо чакаў чыноўнік у вестыбюлі гарвыканкама, правёў у патрэбны кабінет і вывеў назад пасля здачы звароту. Мікалай Чарнавус здзіўлены такой павышанай увагай. Ці цяпер так прынята, ці баяцца, каб ён зноў не зазірнуў выпадкова ў нейкі кабінет і не ўбачыў чаго-небудзь недазволенага, здзіўляецца актывіст.

Беларускае Радыё Рацыя