Жыхары горада Бярозаўка адстаялі ранейшы графік працы лазні



Жыхары горада Бярозаўка адстаялі двухдзённы графік працы гарадской лазні. Нагадаем, што Лідскае ўпраўленне жыллёва-камунальнай гаспадаркі вырашыла з 1 траўня скараціць колькасць працоўных дзён грамадскай лазні з двух на тыдні – у суботу і нядзелю да аднаго – у нядзелю. На гэта быў выдадзены адпаведны загад. Але шматлікія жыхары горада выказалі сваё негатыўнае стаўленне такому рашэнню. Так днямі ля грамадскай лазні адбыўся сход абураных беразаўчан, на які прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек. Каб супакоіць гараджан, да іх выйшла кіраўніцтва мясцовай ЖКГ і старшыня гарвыканкама, якія ўважліва выслухалі грамадзян і паабяццалі вырашыць гэтае спрэчнае пытанне.

– Тут Бярозаўка, кепская экалогія, шкловата. Тут нельга такое рабіць, каб лазня працавала адзін дзень у тыдзень. Некаторыя прыходзяць у лазню дзеля здароўя, некаторыя – каб паразмаўляць, правесці час. Гэта вялікая справа – лазня. Ва ўсе часы – лазня была сур’ёзнай справа.

Старшыня Бярозаўскага гарвыканкама Яводзік Валерый Анатольевіч: Калі паспеем нешта памяняць, то значыць памяняем у гэтую нядзелю. А там далей я пакуль не магу сказаць. Паспрабуем усе зрабіць як трэба.

Пасля таго, як інфармацыя пра незадавальненне беразаўчан прайшла па шэрагу незалежных інфармацыйных рэсурсаў, адміністрацыя ЖКГ распаўсюдзіла па горадзе інфармацыю аб тым, што гарадская лазня ў Бярозаўцы быдзе працаваць, як і раней – два разы на тыдзень. Прынамсці, як вынікае з абвесткі, на гэтым тыдні яна будзе працаваць і ў суботу, і ў нядзелю. Чаго і дабіваліся жыхары гораду над Нёманам.

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя