Жыхары Кабакоў не задаволены рамонтам дарогі



Жыхары аграгарадка Кабакі ў Бярозаўскім раёне незадаволены чарговым “касметычным” рамонтам дарогі.

Першы аналагічны рамонт правялі чатыры гады таму з дапамогай новага мясцовага дэпутата Валеры Білібухі. Тады дэпутат вёў доўгія перамовы з рознымі інстанцыямі. Спатрэбілася скарга ад жыхароў. Цяпер сітуацыя фактычна паўтарылася. Кажуць вяскоўцы:

– Дрэнна – гэта не тое слова. Тут трэба было альбо балотныя боты надзяваць альбо лодку выпісваць.

– Яны прабегліся тут дзеля выгляду.

– Пойдуць дажджы – зноў будуць лужыны стаяць.

– Маглі б хоць крыху друзу сюды прывезці.

Паводле дэпутата Валерыя Білібухі, нават для такога няякаснага рамонту спатрэбілася больш аднаго месяца для перамоў з уладамі:

– Я ўвесь красавік вёў перамовы з уладамі. Я думаў, яны пачуюць мяне і маіх выбаршчыкаў. Але гэта безвынікова, бо на ўсё адказ адзін: няма грошай. Дзе ж тады нашы грошы? Куды яны ідуць? Я напісаў запыт да старшыні райвыканкама ад свайго імя, ад выбаршчыкаў сабраў 20 подпісаў.

І толькі два дні таму ўлады злёгку парамантавалі дарогу. Па словах вяскоўцаў ды іх дэпутата, па ўсім відаць, што змаганне з чыноўнікамі па рамонце  дарогі не завершана.

Поўны гук слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя, Бяроза