Жыхары Ліды выступаюць супраць ушчыльнення



Жыхары Ліды (Гарадзенская вобласць) выступаюць супраць ушчыльнення забудовы на вуліцах Баграціёна і Тухачэўскага, паведаміў БелаПАН каардынатар грамадскай ініцыятывы „Горад для гараджан” Дзяніс Кобрусеў.

Паводле яго інфармацыі, актывісты ініцыятыўнай групы жыхароў падалі заяву ў Лідскі райвыканкам на правядзенне 16 ліпеня пікета з мэтай „выражэння пратэсту супраць будаўніцтва аб’екта шматкватэрнага жылога дома па вул. Баграціёна ў Лідзе”.

Будаўнічая пляцоўка на Баграціёна агароджаная, высечаныя 18 дрэў. „Мясцовых жыхароў абурыў факт пачатку будоўлі без правядзення грамадскіх абмеркаванняў, прадугледжаных у гэтым выпадку. Лідскі райвыканкам грамадскія абмеркаванні не праводзіў, спасылаючыся на тое, што будоўля адпавядае генплану горада 2013 года і ў такім выпадку грамадскае абмеркаванне не патрабуецца”, — растлумачыў Кобрусеў.

Ініцыятыўная група жыхароў ужо падала скаргі ў раённую пракуратуру на парушэнне заканадаўства. Акрамя таго, сабраныя больш за 60 подпісаў пад калектыўным зваротам супраць незаконнай забудовы, паведаміў актывіст.

„Мы лічым будаўніцтва шматкватэрнага жылога дома па вуліцы Баграціёна ў Лідзе незаконным, бо не было праведзенае грамадскае абмеркаванне. Будоўля дома размяшчаецца ўшчыльную да нашых дамоў, і мы лічым, што гэта небяспечна для канструкцый нашых дамоў. Будаўнічыя работы ствараюць масу нязручнасцяў жыхарам навакольных дамоў — перакрыты ўезд у адзін з двароў, праход да міні-рынку, крамы. Шум, вібрацыя, тэхніка пад вокнамі суседніх дамоў і г.д. Выказваем пратэст супраць высечкі 18 дрэў на месцы будоўлі. Лічым, дом у гэтым месцы пагоршыць праблему парковачных месцаў”, — адзначыў член ініцыятыўнай групы Ігар Маскалёў.

На думку Кобрусева, „мясцовыя ўлады, дазволіўшы забудову без грамадскіх абмеркаванняў, парушаюць заканадаўства і ўшчамляюць права грамадзян на ўдзел у горадабудаўнічай дзейнасці і права на спрыяльнае асяроддзе пражывання”. „Пратэсты жыхароў апраўданыя. А Лідскі райвыканкам не ўпершыню парушае заканадаўства ў архітэктурнай і горадабудаўнічай дзейнасці. У 2017 годзе аналагічная сітуацыя з незаконнай забудовай па вуліцы Міцкевіча ў Лідзе была вырашаная на карысць мясцовых жыхароў менавіта з-за парушэнняў заканадаўства, якія дапусцілі мясцовыя ўлады”, — падсумаваў каардынатар ініцыятывы „Горад для гараджан”.