Жыхары „Шведскай горкі” ў Гомелі скардзяцца на інфраструктуру



Жыхары самага маладога ў Гомелі мікрараёна “Шведская горка” скардзяцца на праблемы ў сацыяльнай інфраструктуры. Пра гэта распавяла шматдзетная маці і жыхарка мікрараёну Алена Налімава.

397d949e7c

 

Жанчына разам з сям’ёй засялілася ў новым доме ў красавіку, аднак дагэтуль ў мікрараёне не працуюць ліхатары і светлафоры, адсутнічаюць дарогі.

“А да бліжэйшай школы трэба ісці 20 хвілінаў”, — гаворыць Алена Налімава:

– Каля самога дома ёсць сцежкі, і іх яшчэ неяк чысцяць, а ўжо далей дарог няма. Усё лета мы хадзілі па друзу, па пяску, па вось гэтых гарах, цяпер снегу навальвае і хадзіць яшчэ горш становіцца. Да школы прыкладна 20 хвілін пешшу ісці, то бок туды аўтобусы адсюль менавіта не ходзяць. Адсюль з гэтага раёна ўсе да школы ходзяць пешшу.

Дамы ў раёне “Шведская горка” пачалі будаваць у 2014 годзе. Мікрараён забудоўваецца непадалёк ад гарадзішча плямён мілаградскай культуры, якое прастаяла дзве з паловай тысячы год. Цяпер археалагічны помнік можа быць знішчаны з-за новабудаў.

Беларускае Радыё Рацыя