Жыхары Віцебска дапамаглі прытулку для жывёлаў
Віцебскі прытулак для бяздомых жывёлаў – самы першы ў Беларусі. У адрозненне ад іншых падобных установаў, беспрытульных катоў і сабак тут не ўсыпляюць, а ўтрымліваюць да тае пары, пакуль кожнаму не знойдзецца гаспадар.
У горадзе склалася добрая традыцыя – дапамагаць прытулку і ягоным гадаванцам. Падчас дабрачынных акцый людзі ахвяруюць грошы або рэчы ці прадукты харчавання, бо дзяржаўнае фінансаванне ўстановы вельмі сціплае. Апошняя такая акцыя прайшла ў культурніцкім цэнтры VZAP, дзе зладзілі кірмаш рамесніцкіх і прамысловых вырабаў, распавяла дырэктарка прытулку Алла Прасолава:
– Прадаём сувеніры, каштуе гэта нядорага – ёсць і па 50 капеек, і па рублю. Усе грошы пойдуць на патрэбы прытулка. Шмат дапамогі ад людзей, прынеслі і харчы, і сухі корм, і посцілкі. Адну поўную машыну ўжо адправілі, і яшчэ на дзве машыны, мабыць, набярэм.
Свае вырабы для дабрачыннай рэалізацыі перадалі віцебскія рамеснікі, шмат рэчаў на продаж – цацак, кніжак, сувеніраў – прынеслі простыя гараджане. Што асабліва прыемна: дзякуючы дабрачыннаму кірмашу, “дэлегацыя” ад прытулку вярнулася назад у меншым складзе – сабачка Сюіта знайшла сабе сапраўдную гаспадыню і сапраўдны дом. І яшчэ некалькі патэнцыйных гаспадароў прыйдуць у прытулак, упадабаўшы жывёлаў па фотаздымках.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск