Жыхары вуліцы Цітова ў Гародні: Канфлікт з-за кантэйнераў для смецця



У жыхароў гарадзенскай вуліцы Цітова,12 няма бакаў для смецця. Смецце, што збіраецца ў кватэрах жыхароў, прыходзіцца выносіць за 200-300 метраў ад дома, альбо насіць у смеццевыя бакі ў суседнія дамы амаль за кіламетр. Большая частка жыхароў дому пенсіянеры, і ім выносіць смецце на такую адлегласць цяжка.

Праблемай смеццевых бакаў у гэтым доме займаўся грамадскі актывіст Анатоль Мышкевіч.

– Гэтай праблемай мы займаліся на працягу года. І работнікі ЖЭСа як маглі заплюшчвалі вочы на яе. Гаварылі, што сметніцы знаходзяцца блізка. Што людзям зручна выкідаць смецце. І калі мы нарэшце дайшлі да дэпутата, узнялося пытанне, пагаварылі з людзьмі, зразумелі, што сапраўды вельмі далёка, то неяк усё ж такі месца знайшлі і пачалі будаваць, але гэтае месца не спадабалася жыхарам апошняга, трэцяга пад’езда, і яны стварылі сваю групу і пачалі звяртацца і ў ЖЭС, і гарвыканкам адносна таго, што ім гэтае месца не падыходзіць.

Аднак жыхары дома па рознаму ставяцца да прапанаванай ЖЭСам пляцоўкі для смецця.

– Кантэйнер патрэбны, бо колькі можна насіць смецце ў чужыя двары. Далёка даводзіцца хадзіць, і гэта не сур’ёзна. Непасрэдна ў двары ён таксама не патрэбны. На тым месцы, дзе плануецца, гэта быў бы аптымальны варыянт.

– Атрымліваецца, што гэтая пляцоўка знаходзіцца побач з маім пад’ездам. У халодны час яшчэ нічога, але летам, калі будзе тэмпература вышэй 30, то будзе тут смурод стаяць. Навошта гэта нам пад самымі вокнамі. Таму я супраць гэтай пляцоўкі. Праз дарогу ёсць пляцоўка, можна прайсці і выкінуць смецце.

Чым завершыцца канфлікт з-за смеццязборніка – павінна вырашыць жыллёва-камунальная служба. Пакуль жыхарам трэба выносіць сваё смецце амаль за квартал, і там ужо назбіраліся горы пакетаў са смеццем.

Беларускае Радыё Рацыя