Жыхары вёскі Жычын адбаранілі сваю краму



Жыхары вёскі Жычын у Бярозаўскім раёне адстаялі сваю краму, якую Бярозаўскае раённае спажывецкае таварыства ўжо закрыла і замяніла яе аўталаўкай. Аўталаўка прыязджае 3 разы на тыдзень і не ў строга пазначаныя гадзіны. У вёсцы жыве 80 чалавек, з якіх бальшыня пенсіянеры. Абураныя жанчыны звярнуліся да мясцовага дэпутата Валерыя Білібухі і падпісаліся пад напісанай ім у раён заявай. Адбыўся сход, дзе людзі запатрабавалі зноў адкрыць краму. Іх довады былі пераканаўчымі:

– Мы не маладыя і не можам бегчы за той аўталаўкай.

– Усе маладыя ў нас робяць на ферме.

– Прыехала яна ў 12 гадзін. Па серадах прыязджае у палове сёмага вечарам. Ужо цёмная ноч. Якая гэта бабка з кіем будзе чакаць?

– Мукі нават няма купіць. Ездзіў у Бярозу купіць 4 лямпачкі. Колькі я аддаў за дарогу?

На сход ад уладаў прыехалі кіраўнікі спажывецкага таварыства і старшыня Першамайскага сельвыканкама, якія пасля бурных перамоваў з вяскоўцамі вырашылі узнавіць працу крамы. Аб чым людзям паведаміў задаволены старшыня сельвыканкама:

– Краму ніхто не закрывае. Шукаем пастаяннага прадаўца.

Паводле дэпутата Білібухі, людзі ў чарговы раз пераканаліся, што трэба салідарна адстойваць свае правы і вырашаць набалелыя праблемы.

Цалкам матэрыял у гукавым фармаце:

Беларускае Радыё Рацыя