Жыццё без межаў



Чым жыве Смаргонь, акрамя Першага фестывалю абаранкаў? Распавядаем пра жыццё аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра абслугоўвання інвалідаў “Цёплы дом” і людзей, што збіраюцца там.

Напрыканцы жніўня ў Смаргоні адбылася III Міжрэгіянальная спартакіяда для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Праводзіла мерапрыемства ГА інвалідаў “Жыццё без межаў” сумесна са спецыялістамі аддзялення дзённяга знаходжання інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра абслугоўвання інвалідаў “Цёплы дом”. Праходзіла мерапрыемства на базе фізкультурна-аздараўленчага комплекса “Юнацтва”.

 

У верасні ГА інвалідаў “Жыццё без межаў” на базе ўжо непасрэдна аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра абслугоўвання інвалідаў “Цёплы дом” пачынае ажыццяўляць іншы цікавы праект. 18 верасня тут распачаў працу дзённы лагер актыўнай рэабілітацыі для людзей з парушэннем апорна-рухальнага апарату „SPARTA”. Праводзіцца лагер у рамках праекта “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, які фінансуецца ЕЗ і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН.

Фармулёўкі гучаць дастаткова суха і… насамрэч па-спартанску. Што насамрэч адбываецца ў цэнтры, якія людзі тут працуюць і праводзяць ладную частку свайго жыцця? Давайце знаёміцца. І лагер актыўнай рэабілітацыі – добрая нагода для гэтага!

Загадчыца аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Іна Раўценка расказвае пра праект рэабілітацыйнага лагера:

Сёння ў нас адбылося адкрыццё лагера актыўнай рэабілітацыі для людзей з праблемамі апорна-рухальнага апарату, які будзе працаваць амаль два месяцы – аж да 10 лістапада. Заняткі будуць праходзіць з 9 да 14 гадзін з перапынкам на адпачынак і кава-паўзу. 14 чалавек. 2 падгрупы па сем чалавек. І ў кожнай падгрупы – свой план і графік заняткаў. Праводзіць заняткі будуць нашы інструктары-калясачнікі Кацярына Харужык і Яўген Шмаціна, якія ў свой час прайшлі навучанне ў лагеры актыўнай рэабілітацыі, што праводзіць кожны год РАІК. Мы вырашылі браць прыклад з РАІК і падумалі “А чаму б нам не правесці ў Смаргоні штосьці падобнае?” Падалі заяўку на конкурс мясцовых ініцыятыў і атрымалі фінансавую падтрымку. Спадарыня Іна заўважае, што хацелася б больш актыўнага ўдзелу ў працы лагера саміх інвалідаў-калясачнікаў (200 чалавек пражывае на тэрыторыі Смаргонскага раёна), але падчас іх вельмі цяжка выцягнуць з дому і з дэпрэсіі адначасова. Праграмай лагера прадугледжаны комплекс тэарэтычных і практычных заняткаў для інвалідаў. Гэта і навыкі па самаабслугоўванні, і тэхніка язды на інваліднай калясцы, і шэраг спартовых мерапрыемстваў (трэнажорная зала, ЛФК, кеглі, дартс, тэніс, баскетбол, валейбол, боча).

Варта заўважыць, што ў горадзе Смаргонь за апошнія пару год стала значна больш аб’ектаў, дасяжных для чалавека ў інваліднай калясцы. Гэта на сваім досведзе заўважыла і інструктар па працоўнай тэрапіі ды кіраўнік гуртка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў адной асобе Кацярына Харужык, якая атрымала траўму пазваночніка сем год таму. Каця з пачатку 2017-га штодзень дабіраецца на працу сама (на выхадзе з кватэры маецца пандус) і па сваім маршруце можа зайсці ў многія крамы. Кавярні не вельмі любіць і не можа быць экспертам па іх дасяжнасці, затое любіць хатнюю ўтульнасць і кнігі.

Кацярына Харужык

Кацярына мае акаўнт у інстаграме (knizhnaya_sova), прысвечаны літаратуры, і з захапленнем распавядае і пра класікаў, і пра новых аўтараў. У дзяўчыны каля 500 падпісчыкаў, але яна кажа, што гэта няшмат. Інстаграм, як і папяровыя кнігі, —занятак для душы! Дарэчы, у мінулым месяцы Каця набыла 16 кніг, хоць так бывае не штомесяц. Яна жартуе, што можа эканоміць на ежы ды адзенні, але толькі не на кнігах для хатняй бібліятэкі. Займаецца Каця і бібліятэкай аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў у “Цёплым доме”, думае пра далейшую адукацыю, звязаную з кнігамі (педагагічны універсітэт так і не скончыла з-за траўмы ды адсутнасці безбар’ернага асяроддзя ў alma mater).

Трэніроўкі на свежым паветры

У аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў 31 падапечны. Гэта людзі розных узростаў з рознай ступенню страты здароўя. Трох чалавек спецыялісты наведваюць дома, астатнія перыядычна наведваюць будынак па вуліцы Кутузава, 15А ў Смаргоні (прыстасаваны безбар’ерны будынак былога дзіцячага садка). Вельмі часта гэта людзі з парушэннем разумовага развіцця, такія “дарослыя дзеці” – добрыя і непасрэдныя. Ім цяжка знайсці сяброў, людзей, што іх прымуць і зразумеюць… А “Цёплы дом” ставіцца да іх насамрэч цёпла – тут можна з карысцю прабавіць дзень, пакуль немаладыя ўжо мамы зоймуцца нейкімі хатнімі справамі, клопатамі. Тут ім рады і тут іх прымаюць, а гэта вельмі важна.

Дар’я Ліс, Беларускае Радыё Рацыя