Злёт грамадскіх актывістаў на Гарадзеншчыне



Сябры палітычных партый і грамадскіх арганізацый з розных рэгіёнаў Гарадзеншчыны зладзілі турыстычны злёт. Некалькі дзясяткаў актывістаў сабраліся на вольнай пляцоўцы ў аграсядзібе “Гасьціна” каля Ліды, каб правесці разам некалькі дзён у намётах і на свежым паветры.

Увесь гэты час, акрамя адпачынку, вялася разнастайная сумесная фізічная праца, абмеркаванні будучага супрацоўніцтва паміж актывістамі з розных раёнаў вобласці, выбудова сумеснай стратэгіі на будучы год.

Кажа адзін з удзельнікаў сустрэчы, намеснік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў:

– На самой справе вельмі не хапае для актывістаў, якія на сённяшні дзень працуюць у Гарадзенскай вобласці, такіх нефармальных збораў, дзе можна перазнаёміцца адзін з адным, узгадаць, што арганізацыі існуюць не толькі ў Лідзе, але і ў Гародні, Слоніме, у Наваградку, у Мастах. Мне, напрыклад, вельмі прыемна, што такія ініцыятывы знаходзяць водгук. Кожны год людзі прыязджаюць з чаканнем, з прыемным настроем. І раз’язджаемся мы адсюль адэкватна ацаніўшы свае сілы, намеціўшы, што мы можам зрабіць у гэтай вобласці на бліжэйшы год, што мы хочам зрабіць, на што ў нас хапае сілаў.

Па словах удзельнікаў, такія нефармальныя сустрэчы актывістаў, з рознымі палітычнымі поглядамі, вельмі карысныя для кансалідацыі і арганізацыі сумеснай працы грамадскай супольнасці. У гэтым плане Гарадзеншчына можа быць вельмі добрым прыкладам для іншых рэгіёнаў Беларусі.

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя