Змаганне супраць ушчыльнення забудовы немагчымае без увагі незалежных СМІ



„Паспяховае змаганне супраць ушчыльнення забудовы немагчымае без прыцягнення ўвагі незалежных СМІ”, — так лічыць грамадскі актывіст з Гомеля Валерый Сляпухін. Ён удзельнічаў у трох паспяховых кампаніях па абароне прыдваравых тэрыторый і сквераў, якія планавалася забудаваць шматпавярховымі дамамі. Паводле Валерыя Сляпухіна, улады заўжды імкнуцца рэалізоўваць свае планы ў „цішыні”.

— Адзін з самых асноўных момантаў — гэта праца са сродкамі масавай інфармацыі. Калі гэтых інструментаў не будзе, усе намаганні і высілкі грамадзян могуць звесціся да нуля. Подпісы і актыўнасць грамадзян, як юрыдычны складнік, не менш важныя, але, калі гэта будзе вырашацца ў кулуарных момантах, дык не факт, што рашэнне будзе станоўчым.

Валерый Сляпухін балатаваўся на апошніх мясцовых выбарах па 3-й Гомельскай абласной выбарчай акрузе. У сваёй агітацыі ён рабіў акцэнт на барацьбе супраць ушчыльнення забудовы. Паводле афіцыйных дадзеных, ён набраў 10% падтрымкі.

Беларускае Радыё Рацыя