Змененыя правілы прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі



Змененыя правілы прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Адпаведны ўказ падпісаў Аляксандр Лукашэнка, паведаміла 9 студзеня прэс-служба прэзідэнта.

Асноўнымі новаўвядзеннямі з’яўляюцца магчымасць здачы цэнтралізаванага тэставання па чатырох вучэбных прадметах, павелічэнне тэрміну дзеяння сертыфікатаў ЦТ да двух гадоў, арганізацыя да трох рэзервовых дзён ЦТ.

Уводзяцца льготы для профільных класаў педагагічнага кірунку пры паступленні на педагагічныя спецыяльнасці: залічэнне на дзённую бюджэтную форму атрымання вышэйшай педагагічнай адукацыі выпускнікоў такіх класаў па выніках гутаркі, пры гэтым тэрмін наступнай абавязковай працы па размеркаванні складзе не менш за пяць гадоў.

Акрамя таго, „створаныя роўныя ўмовы конкурсу пры паступленнi на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці ва ўсе ўстановы вышэйшай адукацыі”. „Для тых, хто паступае ў скарочаны тэрмін ва ўстановы вышэйшай адукацыі ўсіх профіляў прадугледжаныя два ўступныя іспыты па дысцыплінах вучэбнага плана сярэдняй спецыяльнай адукацыі, што вызначаюцца прыёмнай камісіяй ВНУ”, — адзначаецца ў рэлізе.

belapan.by