Змены артыкула 328 за наркотыкі плануецца прыняць на восеньскіх слуханнях



У Гародні адбылася сустрэча прадстаўніц Руху “Маці-328” з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Русаком Віктарам і Пацэвічам Сяргеем. Маці і жонкі асуджаных прынеслі чарговы зварот да ўладаў паменшыць тэрміны адсідкі для сваіх сыноў і мужоў, а таксама прыклад расейскага заканадаўства, дзе размежаванне па цяжкасці злачынства за наркотыкі яскрава прапісваецца ў адрозненне ад беларускага.

Кажа Ларыса Жыгар, старшыня Руху “Маці-328” у Гародні:

– У расейскім заканадаўстве ёсць размежаванне па вазе: нязначныя, буйныя, асабліва буйныя. У нас усё ідзе пад словам наркотыкі: ці гэта 1 грам, ці гэта тона – ніякіх размежаванняў няма. Канешне, перадусім за кратамі мусяць сядзець варацілы наркабізнесу, а не хлопцы 18-30 гадоў.

Як адзначыла Ларыса Жыгар, сустрэчай з дэпутатамі яны засталіся задаволеныя. Прадстаўнікі ўлады паабяцалі прадставіць для азнаямлення падрыхтаваны законапраект, змены ў якім плануецца прыняць на восеньскіх слуханнях.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня