Зміцер Антончык распавёў, як затрымлівалі Рыгора Кастусёва



Чарговы госць „Рацыі” сёння – Зміцер Антончык, грамадскі дзеяч, але таксама зяць старшыні партыі БНФ Рыгора Кастусёва, які быў затрыманы 12 красавіка 2021 года.

РР: Рыгор Кастусёў быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ 12 красавіка 2021 года. Чаму гэта здарылася? Гэта, здаецца, так незвычайнае абвінавачванне?

– На сённяшні дзень гэта ўжо не выклікае такога здзіўлення, таму што шмат людзей затрыманыя па нейкіх абсурдных артыкулах, і па абсурдных справах. Але праўда, калі гэта толькі распачыналася, гэта выглядала вельмі дзіўна. Гэта быў пачатак вялікай зачысткі грамадскага і палітычнага асяроддзя Беларусі.

РР: Але тое, што Вы сказалі, трохі небяспечна, што абсурд нас ужо не здзіўляе. Людзі прызвычаіліся?

– Мы бачым, што затрымлівалі за чысты аркуш паперы, мы бачылі, што затрымлівалі за шкарпэткі. Таму чаму можна здзіўляцца, калі чалавек можа за нейкі смайлік у сацсетках атрымаць хімію, ці нейкі тэрмін.

РР: Вы з красавіка знаходзіціся за межамі Беларусі. Ці гэта звязана з затрыманнем Вашага цесця?

– Так, звязана канешне. Непасрэдна пасля затрымання Рыгора Кастусёва у нас у доме было шмат вобшукаў супрацоўнікамі КДБ. Забралі мае асабістыя рэчы, у тым ліку кампутар. Было бачна, што нейкім чынам яны збіраюцца звязаць гэта, бо да дому ніякага дачынення спадар Рыгор не меў, тым больш, што вышлі менавіта на мяне. Я адчуваў, што магу таксама апынуцца за кратамі, таму было прынятае такое складанае рашэнне, каб з’ехаць.

РР: Можа Вы разам з цесцем рыхтавалі гэты дзяржаўны пераварот? Рыгор Кастусёў з адным „калашнікавым”, з другім Зміцер Антончык, з трэцім Фядута?

– Зараз гэта трохі смешна канешне, але на той момант, калі адбыліся вобшукі, у мяне напрыклад таксама была страйкбольная зброя ў доме, якю я адразу выдаў КДБ. Яшчэ як толькі мы ехалі на вобшук, я сказаў, што захоўваецца страйкбольная зброя, я яе дабраахвотна выдаю.

РР: А што Вы падумалі, калі даведаліся, у чым абвінавачаны Рыгор Кастусёў? Якая была Ваша першая думка?

– Вельмі цікава было, таму што напярэдадні, калі затрымалі Спадара Рыгора, нам патэлефанаваў супрацоўнік КДБ, ён назваў зусім іншы артыкул, мы дакладна з жонкай не запомнілі, як ён гучаў. Але па тых лічбах, якія мы запомнілі, мы паглядзелі – гэта быў нейкі эканамічны артыкул, і мы падумалі, что магчыма гэта звязанае з нейкімі фінансавымі справамі, і таму мы прытрымліваліся версіі, што яго затрымалі за нейкія фінансавыя рэчы. Але на наступны дзень, калі ўжо затрымалі мяне супрацоўнікі КДБ у Шклове, і калі мы ехалі на вобшук, я запытаўся: а ў чым справа? Па якім артыкуле? І вось у дарозе, за рулём аўтамабіля мне агучылі гэты артыкул, і я зразумеў, што гэта зусім іншая справа, і што нейкіх простых выхадаў з гэтай справы не будзе.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя