Зміцер Дашкевіч на свабодзе



Лідара «Маладога фронта» Змітра Дашкевіча вызвалілі з СІЗА.

Дашкевіч быў затрыманы 21 сакавіка на працоўным месцы. Ён адзін з 35 чалавек, якія праходзяць па так званай «Справе патрыётаў», па якой затрымалі людзей, патэнцыйна здольных узначаліць вулічную дэманстрацыю 25 Сакавіка. Дашкевіч быў сярод тых 17 чалавек, каму было выстаўленае крымінальнае абвінавачванне.

З яго кватэры былі сканфіскаваныя 17 нацыянальных сцягоў, банер з Пагоняй і камуфляжная вопратка. Яго абвінавачвалі ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў з 2011 года, нягледзячы на тое, што ён да 2013 года адседжваў папярэдні тэрмін зняволення.

Зміцер Дашкевіч кажа, што ў зняволенні адмовіўся даваць паказанні.

Гэта была трэцяя пасадка Змітра Дашкевіча па палітычных матывах.

Дашкевіч лічыць, што астатніх затрыманых па справе могуць яшчэ месяц-два пратрымаць у СІЗА. Ён не ўяўляе, як з такой базай доказаў, якая ёсць у КДБ, справу патрыётаў можна давесці да суду.

„Мажліва, мы разлічваемся за Курапаты, за збор подпісаў за сцяг. Гэта асабістая помста”, – лічыць Дашкевіч пра сваё затрыманне.

Разам з Змітром Дашкевічам вызвалены яшчэ адзін маладафронтавец – Сяргей Пальчэўскі. Ён быў затрыманы разам з Дашкевічам і Арцёмам Леўчанкам 22 сакавіка.