Зміцер Дашкевіч: Раз на тыдзень я буду сюды прыязджаць
Вахта абаронцаў Курапатаў ад рэстараны „Поедем поедим”, які пабудаваны побач з гэтым мемарыялам працягваецца. Людзі прыйшлі, нягледзячы на працяглы дождж. Сярод удзельнікаў – адзін з кіраўнікоў Маладога Фронту Зміцер Дашкевіч, які прыехаў да Курапатаў з усёй сям’ёй.
– Кожны павінен сам для сябе, для свайго сумлення прымаць рашэнне што рабіць, як выходзіць. Я тут не адказваю за іншых людзей. Дай бог сілаў за сябе адказаць. Я вызначыў, што магу раз на тыдзень тут прысутнічаць. Я лічу, што самая правільная стратэгія – гэта супрацьстаяць словам. Я сёння прыйшоў і напісаў скаргу, замовіў вады папіць. Я паразмаўляў з усімі, ці сорамна ім тут працаваць? І буду раз на тыдзень прыходзіць у пятніцу, пісаць скаргу і пытацца: ці не сорамна вам тут працаваць?
Зміцер Дашкевіч выказаў меркаванне, што гэтая забаўляльная ўстанова доўга ў такой сітуацыі працаваць не зможа. Таму што абсалютная большасць грамадзянаў, нават прадстаўнкоў уладаў, чыноўнікі, супрацоўнікі спецслужбаў, міліцыі не разумеюць, чаму менавіта ў гэтым, святым і трагічным месцы, павінен стаяць рэстаран.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
