Зміцер Кучук: Лясныя пажары ва Украіне нясуць пагрозу і для Беларусі



Лясныя пажары ва Украіне нясуць пагрозу і для Беларусі, – лічыць кіраўнік Беларускай партыі „Зялёныя” Зміцер Кучук.

Таму ратавальным службам і пажарным абодвух краінаў траба больш шчыльна і рашуча супрацоўнічаць.

– Як паказвае практыка, праблема з украінскай тэрыторыяй, і гэта ўжо не першы раз паўтараецца, таму што ў мінулым годзе была дакладна такая ж сітуацыя. Я думаю, трэба аб’ядноўваць намаганні беларускага МНС і ўкраінскага МНС для таго, каб лакалізаваць гэтыя пажары хаця б на тых тэрыторыях, дзе яны пачынаюцца. Таму што лес не мае граніц, бо калі пажар пойдзе на тэрыторыю Беларусі, то гэта ўжо будзе праблема Беларусі. Гэта трэба будзе таксама вырашаць. Другая праблема, калі пажар перакінецца на забруджаныя радыёнуклідамі рэгіёны, то радыёцыйны фон можа падняцца ў некалькі разоў.

Таму, калі ўкраінскія ўлады не даюць рады пажарам і ім патрэбна дапамога, то і беларускі і польскі бакі маглі б гэтыю дапамогу тэрмінова аказаць, – упэўнены Зміцер Кучук.

Беларускае Радыё Рацыя