Зміцер Міцкевіч: Сітуацыя з чачэнскімі ўцекачамі неадназначная



Сітуацыя з чачэнскімі ўцекачамі на беларуска-польскай мяжы ў горадзе Берасці складаная і неадназначная. Нельга абвінавачваць толькі польскі бок, які амаль не прапускае чачэнчаў на сваю тэрыторыю, лічыць эксперт парталу „Belarus Security Blog” Зміцер Міцкевіч. Пра сваё бачанне гэтай вострай праблемы і шляхі яе вырашэння эксперт распавёў нашаму карэспандэнту Генадзю Барбарычу.

РР: У Берасці скапіліся ўжо сотні выхадцаў з Чачэнскай Рэспублікі, якія спрабуюць пераехаць у Польшчу. Чаму ўзнікла гэтая праблема? Чаму менавіта Берасце, а не Гародня, напрыклад?

Зміцер Міцкевіч: Тут хутчэй за ўсё сказваецца тое, што гэта самы блізкі памежны пераход. Тым больш, як я разумею, там іх падтрымліваюць чачэнскія дыяспары. Але самы важны фактар, на маю думку, – геаграфічная блізкасць.

РР: Тыя, хто ведае Берасце, ведаюць вуліцу Багданчука, дзе гадоў 15-20 таму жылі дзясяткі, а то і сотні чачэнскіх сем’яў. Там нават можна было набыць траўку, наркотыкі.

Зміцер Міцкевіч: Ну, вось датычна траўкі і наркотыкаў Вы вельмі добра заўважылі. Каб даведацца, чым займаюцца чачэнскія ўцекачы, калі трапляюць на тэрыторыю Польшчы, дастаткова праехацца па невялічкіх гарадах, якія далей ад польскай мяжы. Напрыклад, Ломжа. Я быў там і размаўляў з мясцовымі жыхарамі. Для іх тыя тэрыторыі горада, дзе пражываюць чачэнцы, з’яўляюцца своеасаблівым гета. Людзі адкрыта кажуць, што там гандлююць наркотыкамі, што гэта крымінагенныя раёны. То бок, чачэнская дыяспара з’яўляецца даволі ўплывовай у польскай крымінальнай сферы, займае там пэўную нішу і добра сябе адчувае.

РР: Вяртаемся да праблемы берасцейскіх уцекачоў-чачэнцаў. Іх нам насамрэч сабралася даволі шмат. Нядаўна яны нават правялі мітынг супраць таго, што польскі бок не прапускае іх.

Зміцер Міцкевіч: Увогуле, адна з самых асноўных праблем у тым, што ніхто не ведае, колькі іх там. Паводле афіцыйных дадзеных, іх каля 3 тысяч. Але ёсць падазрэнні, што іх там значна больш. Яны спрабуюць перасекчы мяжу некалькі разоў на дзень, прыкрываючыся дзецьмі і патрабуючы статусу ўцекачоў.

Я не аднойчы быў на тым вакзале і ездзіў тым цягніком. І паводле маіх назіранняў, працэнтаў 10 з іх падобныя да сапраўдных уцекачоў. Калі ты бачыш, як гэтыя людзі апрануты, іх залатыя гадзіннікі і самую “танную” вопратку, пачынаеш сумнявацца, што яны бягуць ад дрэннай долі. Вядома, яны могуць расказваць у медыя, нашым праваабаронцам, што іх там прыцясняюць і г.д., але, мне здаецца, банальны аб’ектыўны погляд ніхто яшчэ не адмяняў. Дастаткова паглядзець на іх – і многія рэчы становяцца зразумелымі.

Я асабіста бачыў сярод уцекачоў людзей у цішотках з Пуціным.  Калі людзі ўцякаюць ад рэпрэсіўнай дзяржавы і адначасова носяць цішоткі з выявай лідара гэтай рэпрэсіўнай дзяржавы, то ўзнікае пэўны кагнетыўны дысананс. Але ў нашых праваабаронцаў ён чамусьці не ўзнікае… Гэта таксама змушае задумацца пра пэўныя рэчы.

РР: Але ёсць там і сем’і, жанчыны з дзецьмі…

Зміцер Міцкевіч: Увогуле, тут вымалёўваецца яшчэ адна праблема. У прынцыпе, мы не можам праверыць ды і ніхто, напэўна, не займаецца праверкай, якія гэта людзі, чаму яны насамрэч уцякаюць, што яны рабілі на тэрыторыі сваёй дзяржавы. У медыя яны могуць расказваць усё, што заўгодна, плакаць. Але мы, у прынцыпе, не ведаем, што гэта за людзі. Таму заяўляць, што гэта ўцекачы, яны такія бедныя, ім там дрэнна, – як мінімум недальнабачна.

Цалкам інтэрв’ю з экспертам парталу „Belarus Security Blog” Змітром Міцкевічам Вы можаце паслухаць на хвалях Беларускага Радыё Рацыя  сёння ў 15:45  паводле беларускага часу.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]