Зміцер Піменаў: „Мірон” – гэта легендарная персона



У 90-я гады на ўсю Беларусь гучала інфармацыя пра вывешванне бел-чырвона-белых сцягоў так высока, што праціўнікам трэба быў час, каб зняць іх. Да сцягоў былі прымацаваны цыдулкі са словам „Мірон”. Потым з вывешваннем сцягоў наступіла зацішша.

Чалец групы „Мірон” – сённяшні „Госць Рацыі” Зміцер Піменаў:

– Не тое, што хачу камплімент сказаць Радыё Рацыя, але хачу выказаць аб’ектыўную пазіцыю. Гэта адзіны сродак масавай інфармацыі, які церпіць мае інтэрв’ю, якія не адпавядаюць прагматычнаму пункту гледжання. Я меў шмат інтэрв’ю з Радыё Рацыя і хацеў бы зараз адзначыць, выкарыстоўваючы тое, што я госць Радыё Рацыя, што найлепшыя журналісты, на мой погляд, гэта менавіта журналісты Радыё Рацыя.

РР: Чаму вы вырашылі ў 90-я займацца вывешваннем бел-чырвона-белага сцяга?

– Адразу адзначу, што я не быў генератарам гэтай ідэі, я проста быў выканаўцам. Галоўным генератарам гэтай ідэі быў Уладзімір Плешчанка. Гэта менавіта той чалавек, які гэтую ідэю адрадзіў. Каб трапіць у групу „Мірон” трэба было заслужыць давер любоўю да Беларусі. Той, хто даказаў вернасць і сапраўдны патрыятызм да Беларусі, мог трапіць у гэту групу. „Мірон” – гэта легендарная персона і для мяне гэта ў першую чаргу Уладзімір Плешчанка – гэта герой Беларусі. Калі я атрымоўваў узнагароду ад Рады БНР, то я сказаў, што асноўная заслуга гэтага медаля належыць Уладзіміру Плешчанку. Я таксама мог бы адзначыць і Яна Чучмана, ён таксама ён зрабіў годны ўчынак. Асабліва хацелася б адзначыць учынак „Мірона” Сяргея Каваленкі. Яны таксама з’яўляюцца „Міронамі”, паслядоўнікамі ідэі. Калі я будучы ў эміграцыі даведаўся, што наша ідэя не згінула, калі яна працягваецца на маёй роднай Віцебшчыне, я быў дужа ўсцешаны. Гэта было для мяне вялікім стымулам займацца палітыкай тут у эміграцыі. Я быў такім спантанным эмігрантам, я ніколі не рыхтаваўся да эміграцыі, бо лічыў, што да апошняга буду праяўляць сваю вызвольную тэматыку на Беларусі, але так склаліся абставіны, што я стаў ахвярай прапагандысцкага акту, што я мусіў хутка з’язджаць на эміграцыю. Першай справай, калі я толькі прыехаў – гэта 2002 год, мы сабраліся з аднадумцамі і адкрылі беларускую арганізацыю „Беларускае еўрапейскае задзіночанне”. Заснавальнікамі гэтай арганізацыі былі адданыя беларускай справе людзі. Я б не хацеў казаць іхныя прозвішчы, але яны былі ў складзе беларускага атраду „Пагоня” на фронце.

РР: Як вам удавалася падымаць бел-чырвона-белы сцяг так высока?

– „Мірона” падымаў беларускі анёл. Анёл дае смеласць, дае розум. Розныя сцягі вывешваліся рознымі методыкамі, будзем так казаць.

РР: Калі і як вы адчулі небяспеку з боку сілавых структур?

– За мной паляванне з боку сілавых структур ішло дзесьці з 1996 года. То бок ужо былі папярэджанні з боку сілавых структур. Сярод сілавых структур таксама былі людзі адданыя беларускай ідэі. Яны час ад часу нас папярэджвалі, калі акцыю рабіць нельга. Галоўнай прычынай таго, што мяне пачалі знішчаць, гэта тое, што я ў 2000 годзе па сваім выбарчым участку зладзіў вельмі актыўны, добры байкот выбарам. Я прайшоў па сваім ўчастку, па якім я таксама ў 1995 годзе балатаваўся і заклікаў людзей, не хачу называць слова байкот, гэта ігнор электаральнага махлярства. Пасля таго, як па нашым выбарчым ўчастку прыняло ўдзел толькі 20%, пасля гэтага я адчуў моцны ціск на сваю персону. Фактычна за мной хадзілі ледзь не след у след. Яны толькі і чакалі калі я пападуся на сур’ёзным. Калі я зразумеў гэта, то мной была пададзена заява ў пракуратуру і мне пракурор сказаў: „Я даю табе пяць дзён, потым я цябе пасаджу. За што пасадзіць – у нас заўсёды знойдзецца”. За пяць дзён я вымушаны быў з’язджаць у эміграцыю.

РР: Чаму вы выбралі Бельгію і Антверпен?

– Я не выбіраў Бельгію. Гэта выбралі тыя людзі, якія дапамагалі мне з’ехаць і атрымаць выязныя паперы. Антверпен толькі таму, што там ужо была больш-менш актыўная дыяспара, якая хацела дапамагчы беларускім патрыётам.

РР: Вы працуеце ў Бельгіі?

Так, я ў Бельгіі меў шмат розных прац, розных прафесій. Працаваў зваршчыкам, працаваў выкладчыкам у школе для дарослых, зараз я падтрымліваю тэхнічны стан будынку ў марскім порце.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.

Са Змітром Піменавым размаўляла карэспандэнт Радыё Рацыя Аліна Андрыевіч.

Беларускае Радыё Рацыя