Зміцер Салаўёў: Дыялог павінен ісці наўпрост са студэнтамі



„Жаданне пакінуць хоць нейкія механізмы ўплыву на беларускую сістэму адукацыі”, – так тлумачыць праваабаронца з праваабарончага цэнтра „Вясна” Зміцер Салаўёў рашэнне пакінуць Беларусь у рамках Балонскага працэсу, прынятага 25 траўня ў Парыжы.

Там праходзіла канферэнцыя міністраў адукацыі Еўропы. Паводле Зміцера Салаўёва, трэба зрабіць супрацоўніцтва замежных універсітэтаў з беларускімі больш „гарызантальным”:

– Каб адукоўваць такім чынам і падцягваць да еўрапейскага ўзроўню. Вельмі шкада, што няма эфектыўных механізмаў, каб гэтыя патрабаванні забяспечваліся, якія прапісаныя ў „Дарожнай мапе”. Напрыклад, мы ўжо некалькі год вядзем кампанію супраць парушэння правоў студэнтаў, прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці. Мы прынялі зварот, які зараз падпісаны васямнаццаццю арганізацыямі, у тым ліку міжнароднымі праваабарончымі, дзе мы дакладна ўказваем, што ўсе праекты, якія робяцца ў замежных універсітэтах з беларускімі, мусяць мець больш „гарызантальных” сувязяў.

Гэта азначае, што ўсе сумесныя праекты замежных і беларускіх універсітэтаў, дыялог павінен ісці наўпрост са студэнтамі і прадстаўнікамі акадэмічнай супольнасці, а не толькі праз адміністрацыю ўніверсітэтаў.

„Пакуль жа атрымліваецца, што прарэктар па ідэалогіі вызначае, якія студэнты паедуць на стажыроўку, а якія – не. У выніку едуць толькі лаяльныя, часцей за ўсё БРСМаўцы, якія самі ўдзельнічаюць у парушэнні правоў студэнтаў”, – дадае Зміцер Салаўёў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя