Зміцер Салаўёў: Лепш за ўсё ўжываць негвалтоўны супраціў



Рэпрэсіўныя дзеянні сілавых структур у перадвыбарчы час выклікаюць абурэнне ў грамадстве. Праваабарончы цэнтр „Вясна” лічыць такія дзеянні з боку праваахоўных органаў непрымальнымі і злачыннымі. Калі людзі ў цывільным адзенні, без апазнавальных знакаў, без прадстаўлення, падобна бандытам, нападаюць на мірных грамадзян, збіваюць іх і кідаюць у аўтазакі.

Усё гэта выклікана жаданнем аднаго чалавека застацца пры ўладзе на шостую пяцігодку, кажа праваабаронец Зміцер Салаўёў:

– Людзі ў цывільным не маюць права затрымліваць і збіваць. Яны абавязаныя спачатку паказаць людзям сваё службовае пасведчанне і патлумачыць, што людзі парушылі. Затрыманне мусіць праводзіцца адпаведна нарматыўным дакументам, яны не маюць ужываць сілу так, як яны гэта зараз робяць.

Праваабаронец не раіць уступаць з імі ў бойку, улічваючы хлуслівыя паказанні сілавікоў пры адсутнасці аб’ектыўнай судовай абароны:

– Лепш за ўсё ўжываць негвалтоўны супраціў, паводзіць сябе спакойна, фіксаваць на відэа і аўдыё ўсё, што адбываецца.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Паводле Зміцера Салаўёва, які з’яўляецца сябрам праваабарончага цэнтра „Вясна”, трэба фіксаваць усе выпадкі рэпрэсій. Пацярпелым удзельнікам акцый і тым, хто падвяргаецца катаванням у месцах зняволення, будзе аказана ўсялякая дапамога.

Беларускае Радыё Рацыя