Зміцер Салаўёў: Ялінку прынялі ў “коласаўскі” ліцэй



Бацька магілёўскай школьніцы Ялінкі Салаўёвай, якая дзевяць год вучылася ў беларускамоўным класе адна, распавёў, дзе працягне вучобу яго дачка.

Зміцер Салаўёў: Здаецца, толькі нядаўна мы пачыналі ў школе барацьбу за тое, каб дачка мела права навучацца на роднай мове, а ўжо сёння Ялінка закончыла дзевяць класаў магілёўскай школы №1 і атрымала атэстат. Дарэчы, вучылася добра – у атэстаце пераважна дзевяткі і дзесяткі.

РР: Дзе далей працягне вучобу Ялінка?

Зміцер Салаўёў: Гэтае пытанне ўжо вырашана, дачку прынялі ў Беларускі гуманітарны ліцэй, які называюць “коласаўскім”. Пры гэтым хочацца шчыра падзякаваць кіраўніцтву ліцэя, бо курс атрымаўся перапоўненым, але нам пайшлі насустрач. Таму зараз два гады Ялінка будзе навучацца ў гэтай установе.

Дарэчы, у школе было вельмі добрае стаўленне да дачкі і развітваліся таксама добра. Пры гэтым нават сказалі, што, калі ў Ялінкі не атрымаецца некуды паступіць, то гатовы ў любы час прыняць назад.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя