Знаўца гісторыі мікрараёнаў Берасця выйшаў на свабоду
Гаворка ідзе пра гісторыка Антося Дацкевіча, якога 72 гадзіны пратрымалі ў ізалятары часовага ўтрымання Ленінскага РАУС горада над Бугам.
Пра ягонае затрыманне паведамлялі яго колішнія аднагрупнікі і сябры, сярод якіх і краязнаўца Ігар Бараноўскі:
– Антося Дацкевіча цудоўна ведаю, гэта вельмі перспектыўны малады гісторык, ён выдатны этнограф, выдатны знаўца заходнепалескіх гаворак. Пасля смерці філолага Клімчука, заходнепалескія гаворкі мала хто нават ведае. Ён вывеў у Берасці межы розных гаворак. Ніхто раней не звяртаў увагу на гэта, што ў розных частках горада сутыкаюцца розныя гаворкі заходнепалескія. Чалавек, каторы зрабіў серыю перадач на Радыё Рацыя пра мікрараёны Берасця – гэта ўвогуле ўпершыню. Цудоўны, падрабязны фармат гісторыі, для Берасця гэта вельмі важная праца, каторую ніхто да яго не рабіў. Я думаю, што патэнцыял у Антося Дацкевіча будзе вельмі вялікі, як навукоўца яшчэ.
Пасля вызвалення Антось Дацкевіч паведаміў пра тое, што ён быў затрыманы ў нядзелю каля Генеральнага консульства Расейскай Федэрацыі ў Берасці. У той дзень у горадзе праходзіла нядзельная акцыя ў памяць загінулага менчука Рамана Бандарэнкі. У выніку судовага разгляду не было, а значыцца і нейкага пратаколу ў дачыненні да навукоўца не складалі.
Беларускае Радыё Рацыя
