Зніклага берасцейскага актывіста асудзілі на 15 сутак



20 ліпеня суд Ленінскага раёна Берасця асудзіў актывіста Віталя Казака на 15 сутак адміністрацыйнага арышту, абвінаваціўшы ў парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў паўторна на працягу года – паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк.

Падставай для прысуду сталі паказанні супрацоўніка міліцыі. «Гэта судзілішча не мае нічога агульнага з правасуддзем», – заявіў праваабаронца.

Віталя Казака арыштавалі за ўдзел у стыхійнай акцыі пратэсту супраць адмовы ЦВК зарэгістраваць кандыдатамі ў прэзідэнты Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу, якая прайшла ў цэнтры Берасця ўвечары 14 ліпеня. Яго затрымалі каля 21-й гадзіны на праспекце Машэрава. Амаль трое сутак жонка Казака спрабавала высветліць, дзе знаходзіцца яе муж: паўсюль ёй казалі, што Віталя ў іх няма. Яна напісала заяву ў Маскоўскі РАУС пра знікненне мужа.

Раман Кісляк звярнуўся ў Арганізацыю Аб’яднаных Нацый з нагоды гвалтоўнага знікнення Віталя Казака.

Дзе знаходзіцца актывіст стала вядома толькі 17 ліпеня, калі яго прывезлі ў суд. У судзе Казак заявіў хадайніцтва аб прадстаўленні адваката – яго задаволілі. Актывіста вызвалілі з-пад варты і прызначылі суд на 20 ліпеня.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]